У беларускім грамадстве склаўся свайго роду гендарны парытэт: мужчын і жанчын у нас прыкладна 50:50. Хоць прадстаўніц прыгожага полу ў Беларусі ўсё ж крыху больш — 54 % насельніцтва. Іх узровень занятасці ў эканоміцы краіны, згодна са статыстыкай, складае сярод жанчын працаздольнага ўзросту 85,6 % — то-бок перавышае сусветныя тэндэнцыі. І гэта не толькі традыцыйна жаночыя сферы, але і горназдабывальная прамысловасць, будаўніцтва, грузаперавозкі, сельская гаспадарка, ІT. А таксама — цяжкае машынабудаванне. Больш за тое, у гэтых сферах сёлета — у Год беларускай жанчыны — статыстыка адзначае рост жаночай прысутнасці.
У цэхах БелАЗа, галаўнога прадпрыемства ў Жодзіне, працуе больш за 8 тысяч чалавек. З іх 40 % — прадстаўніцы прыгожага полу. Менавіта ім — жанчынам, здольным будаваць буйнагабарытныя кар’ерныя самазвалы, ключавое звяно здабыўной прамысловасці — мы і адрасавалі пытанне: якія крытэрыі выбару працы ў нашых сучасніц?
Датычнасць да стварэння волата
Марына Рагай — шліфоўшчык цэха гідратрансмісіі. Сфера яе адказнасці —найважнейшыя тэхналагічныя этапы вытворчасці кар’ерных самазвалаў вялікай грузападымальнасці. Пра яе кажуць: спецыяліст з вялікай літары, і, дарэчы, яна вучыць тонкасцям прафесіі маладых работнікаў-хлопцаў.
На БелАЗе мама траіх дзяцей Марына працуе ўжо 15 гадоў, і сёлета трапіла ў фінал прэстыжнага завадскога конкурсу «Чалавек года» ў намінацыі «Лепшы работнік асноўнай вытворчасці». Адзначым, што ў шматтысячным калектыве БелАЗа званне «Чалавек года» штогод прысвойваецца толькі васьмі супрацоўнікам, а яшчэ шаснаццаць узнагароджваюцца як фіналісты.
Муж маёй суразмоўніцы, дарэчы, таксама працуе на галаўным прадпрыемстве холдынга «БелАЗ»: возіць турыстаў па выпрабавальным палігоне за рулём «выставачнага» 90-тонніка.
Сёння ў нашай краіне нікога не здзіўляе ні жанчына-токар у цэху, ні жанчына за рулём самазвала, кажа Марына. Але 15 гадоў таму ўсё было інакш, і кіравалася яна, выбіраючы завод БелАЗ, не прагматызмам, а рамантыкай.
— Я заўсёды была «татавай дачкой», а тата ў мяне — электрык. З ранняга дзяцінства надоўга «заліпала» ў гаражы, а пасля 9 класа вырашыла вучыцца на токара. Ну не цягнула мяне да жаночых прафесій! Вось малодшая сястра —іншая: пяшчотная, жаноцкая. Цяпер яна — высокапрафесійны кухар: пайшла па маміных слядах. Мама, дарэчы, не была супраць, каб я вучылася «мужчынскай» прафесіі. І вось вучуся дагэтуль. Сёлета скончыла БНТУ па спецыяльнасці «інжынер-электрык». Хацела атрымаць вышэйшую адукацыю — і атрымала. А на БелАЗ, напэўна, прыйшла ўсё ж больш з рамантычных меркаванняў, хоць гэта на мяне не вельмі падобна. Дзяўчаты любяць вялікія машыны!
Любімчык у сям’і БелАЗаў у вонкава далікатнай, невысокай Марыны — волат-450-тоннік.
— Хоць любы БелАЗ — гэта сіла, моц, брутальнасць, — тлумачыць яна. — Глядзіш на яго і разумееш: не важна, купіна, дрэва, яр — праедзе і не заўважыць.
У Год беларускай жанчыны будаваць кар’ерныя самазвалы на адзіным у свеце прадпрыемстве, дзе такія машыны збіраюць канвеерным спосабам — асаблівы гонар, дадае суразмоўніца.
— У любой жыццёвай сітуацыі падтрымлівае разуменне, што ў гэтай велізарнай, разумнай машыне ёсць часцінка цябе. Я таксама прымала ўдзел у яе стварэнні!
Пра знакамітыя жоўтыя боты
Завод БелАЗ — уладальнік знака якасці. Найвышэйшая дзяржаўная ўзнагарода ў галіне якасці прадукцыі прысвоена кар’ерным самазвалам серыі 7513 грузападымальнасцю 130 тон, і, у залежнасці ад года, беларускі вытворца ўтрымлівае ў гэтым сегменце ад 70 да 80 % сусветнага рынку.
У гісторыі БелАЗа былі пастаўкі нават у Аўстралію. Пад кожную кліматычную зону, пад кожную краіну БелАЗы дапрацоўваюцца, распавядае начальнік упраўлення па гандлі ААТ «БелАЗ» Аксана Нарывончык. Напрыклад, у Аўстраліі высокі працэнт жанчын-кіроўцаў кар’ерных самазвалаў. Дык вось, спецыяльна для іх у кабінах, у прыватнасці, усталёўваліся дадатковыя люстэркі. Бо люстэрка для жанчыны — рэч неабходная: нам важна, як мы выглядаем, нават у разгар працоўнага дня.
Мая суразмоўніца — у адказе за правільнае харчаванне супрацоўнікаў
БелАЗа: у прадпрыемства 23 гандлёвыя аб’екты, у тым ліку 7 сталовых, кавярня і любімы народам рэстаран, а таксама вытворчасць сушы і выпечка піцы. І гэта — толькі ў Жодзіне. Астатнія шэсць прадпрыемстваў «БЕЛАЗ-ХОЛДЫНГа» і чатыры філіялы галаўнога завода маюць уласныя аб’екты грамадскага харчавання.
Таксама Аксана адказвае за продаж сувенірнай прадукцыі. На заводзе працуе «Сувенірная крама», а ў Жодзіне і Мінску — фірмовыя крамы BELAZ SHOP. Мода на прамысловы турызм, подых якой у многіх краінах Еўропы і Азіі адчулі ўжо даўно, дакацілася, нарэшце, і да нашых мясцін: экскурсіі на БелАЗ распісаны на месяцы наперад, першая група прыязджае ў восем раніцы, далей групы прыбываюць кожную гадзіну да самага вечара.
А «мерч» на БелАЗе — заўсёды небанальны. Прыклад — знакамітыя жоўтыя боты. Калі раптам вы не ў курсе (наўрад, але ўсё ж), першыя жоўтыя боты з лагатыпам БелАЗ былі выпушчаныя яшчэ шэсць гадоў таму. І на іх адразу з’явіўся ажыятажны попыт. Гэта сапраўдныя
рабочыя боты — свайго роду белазаўскія «цімберлэнды», культавы сімвал надзейнасці і еўрапейскай вулічнай культуры. Сёння лінейку дапоўнілі, акрамя класікі (жоўтыя і чорныя), трэндавым карычневым колерам.
— Маё жыццё заўсёды было звязанае з фінансамі і банкамі, — распавяла суразмоўніца. — Шмат гадоў працавала намеснікам па эканоміцы і фінансах на буйным прадпрыемстве Брэсцкай вобласці. А потым — захацелася нешта змяніць. І тут паступіла прапанова ад БелАЗа. Так я і апынулася ў Жодзіне, пра што за тры гады працы ні разу не пашкадавала. Магу з упэўненасцю сказаць за сябе і сваіх калег-дзяўчат: для кожнай з нас дачыненне да будаўніцтва БелАЗаў — падстава для асабістага гонару. Яна дае веру ў свае сілы і разуменне: любыя межы і абмежаванні існуюць толькі ў нашай свядомасці, і калі пазбавіцца іх — зможаш усё!
Жанчын тут паважаюць
А вось работніца цэха праграмных станкоў Алёна Шастак не хавае: выбірала БелАЗ і ўвогуле працу строга прагматычна. Кажа, будавалі з мужам кватэру, і патрэбныя былі грошы, а на БелАЗе — высокія заробкі. Расказвае: раней працавала на фабрыцы, якая выпускае трыкатажныя вырабы, і праца была не ў прыклад лягчэйшай.
Ну, а ў белазаўскім цэху спачатку было няпроста, але потым, што называецца, уцягнулася: «Вочы баяцца, а рукі робяць».
Жанчына сцвярджае: калі ўвесь час у руху, працоўны дзень пралятае хутка і — цікава. Прынамсі, цікавей, чым у тых, у каго «сядзячая праца», і час цягнецца бясконца.
— А наогул, я жанчына, якая спявае, — усміхаецца Алёна. — Спяваю з дзяцінства, жыву песняй. У Год беларускай жанчыны мне напісалі песню «Беларусачкі», і з ёй я выступала на конкурсе самадзейнасці нашага прадпрыемства. Была адзначана спецыяльным прызам «За захаванне нацыянальных традыцый». Паслала песню на радыё — і што вы думаеце, у прамым эфіры была яе прэм’ера на ўсю краіну! Год жанчыны асабіста для мяне стаў асаблівым. Гэта выдатна, што кіраўнік дзяржавы вылучыў гэты год менавіта як час, калі павінны асабліва паважаць і шанаваць нашых беларускіх жанчын (бо яны гэта заслугоўваюць!). Гэта павага сапраўды адчуваецца — у адносінах да жаночай часткі калектыву нашых калег мужчынскага полу і кіраўніцтва прадпрыемства (кіраўнікі ў нас — мужчыны). І мы ўдзячныя ім за гэта.
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
Фота Ягора ЧУРЫКА