Top.Mail.Ru
0

З чым да нас спяшаецца зіма?

27.11.2026 | 19:20
Пра змены, якія чакаюць беларусаў у снежні

Час не стаіць на месцы: яшчэ ў памяці цёплыя дзянькі, а ў дзверы ўжо пагрукалася зіма. Першы снег, першыя маразы... І, як водзіцца, некаторыя змяненні — чаканыя і нечаканыя. Што падрыхтаваў для нас снежань і пра што лепш даведацца загадзя.

Купля ўпрыгажэнняў анлайн

З 31 снежня ў Беларусі на пастаяннай аснове дазволяць інтэрнэт-гандаль ювелірнымі вырабамі айчыннай вытворчасці — адпаведны бестэрміновы Указ № 393 быў падпісаны 29 кастрычніка. Абавязковая ўмова для продажаў — наяўнасць маркіроўкі сродкамі ідэнтыфікацыі. Са студзеня 2026 года ў Беларусі кожны выраб, акрамя дзяржаўнага прабірнага кляйма, атрымлівае двухмерны штрых-код Data Matrіx з унікальным лічбавым наборам. Гэта значыць, што беларускія ювелірныя крамы і прадпрымальнікі атрымаюць стабільнае права на анлайн-продажы, а пакупнікі — больш магчымасцяў выбіраць упрыгажэнні дыстанцыйна.

БПМ будуць лічыць па новай формуле

З 1 снежня мяняецца структура разліку бюджэту пражытачнага мінімуму. Цяпер ён складаецца з кошту мінімальнага набору прадуктаў харчавання і ўстаноўленай законам долі выдаткаў на астатнія тавары і паслугі — 83 % ад кошту прадуктаў. Са снежня гэтая доля вырасце да 85 %. Аднак сам БПМ, разлічаны па новай формуле, установяць толькі 1 лютага наступнага года — абноўлены механізм упершыню выкарыстаюць пры чарговым пераглядзе нарматываў. Нарматыў, які дзейнічае з 1 лістапада 2026 года па 31 студзеня 2027-га, яшчэ разлічаны па ранейшай схеме.

Павелічэнне вагавога каэфіцыента азначае, што пры іншых роўных умовах выніковы БПМ стане вышэй. А паколькі да гэтай велічыні прывязаныя многія сацыяльныя выплаты, рост нарматыву аўтаматычна закране цэлы блок дзяржпадтрымкі: дзіцячыя дапамогі, сацыяльныя пенсіі, даплаты і надбаўкі пенсіянерам, субсідыі на адкрыццё сваёй справы і іншыя выплаты. Такім чынам, змяненне формулы — гэта падрыхтоўчы этап, а канкрэтныя сумы беларусы ўбачаць ужо ў пачатку лютага.

Аб размяшчэнні пабудоў на ўчастку

З 1 снежня набываюць моц новыя правілы размяшчэння пабудоў на ўчастку. Галоўная навацыя: захаванне нарматыўных адлегласцяў становіцца абавязковым і не залежыць ад дамоўленасцяў паміж суседзямі.

Жылы дом павінен размяшчацца не бліжэй за 3 метры ад мяжы суседняга ўчастка, гаспадарчая пабудова — мінімум у 2 метрах. Раней пры згодзе сумежнага землекарыстальніка можна было будаваць і бліжэй, але для гэтага патрабавалася натарыяльна засведчаная згода. 

З 1 снежня яна больш не будзе падставай для адступлення ад норм.

Ключавы момант — пункт адліку. Дыстанцыя лічыцца не ад плота, а ад сцен або фундамента (цокаля) будынка да юрыдычнай граніцы ўчастка. Плот можа стаяць не на фактычнай мяжы, а са зрушэннем, таму звыклае «адмераць ад свайго плота» не адлюстроўвае рэальную велічыню. Перад праектаваннем і будаўніцтвам важна выклікаць прадстаўнікоў геадэзічных і кадастравых службаў: яны ўстановяць фактычныя каардынаты граніц і дапамогуць правільна разлічыць адлегласць.

Прынятыя змяненні не маюць зваротнай сілы, адзначыла дэпутат Палаты прадстаўнікоў Анжэліна Сырамятнікава: «Тыя грамадзяне, якія атрымалі дазвольную дакументацыю на ўзвядзенне і (або) рэканструкцыю жылога дома і гаспадарчых пабудоў да 1 снежня 2026 года, маюць поўнае права ўзводзіць або рэканструяваць аб’екты па нормах, якія дзейнічалі на момант яе выдання. Прыводзіць аб’ект будаўніцтва ў адпаведнасць з новымі патрабаваннямі грамадзянам не патрабуецца».

Для дачнікаў і ўладальнікаў гаражоў

З 7 снежня садовыя таварыствы, дачныя і гаражныя кааператывы будуць абавязаныя па запыце дзяржорганаў паведамляць звесткі пра ўласнікаў участкаў і пабудоў, калі яны не зарэгістраваныя ва ўстаноўленым парадку або рэгістраваць іх неабавязкова.

Запытваць даныя будуць у дачыненні да зямельных участкаў і аб’ектаў нерухомасці, правы на якія не зарэгістраваныя або не падлягалі дзяржаўнай рэгістрацыі. Пра зямельны ўчастак трэба будзе прадаставіць адрас або месцазнаходжанне, плошчу, а таксама звесткі пра ўласніка або іншага праваўладальніка. Пра садовы домік, лецішча або гараж неабходна паведаміць адрас і даныя ўласніка; калі ў аб’екта ёсць інвентарны або іншы ўліковы нумар, яго таксама ўкажуць.

Забарона на ўвоз тавараў з Латвіі

З 15 снежня пачне дзейнічаць абноўлены пералік забароненых да ўвозу тавараў з Латвіі. Пад абмежаванні трапляе прадукцыя, якая паходзіць з Латвіі і (або) выраблена на яе тэрыторыі. Сярод новых пазіцый — гатовыя прадукты і кансервы з ласося, сардзінел, кількі і траскі; сумесі вітамінаў і мінеральных рэчываў для дапаўнення харчавання; друкаваныя кнігі, газеты, рэпрадукцыі і іншая паліграфічная прадукцыя (з выключэннем для асобнай таварнай пазіцыі); дэкаратыўныя вырабы з пластмасы і драўляныя рамы для карцін, фатаграфій і люстэркаў; гіграскапічная бавоўна, асобныя шарсцяныя коўдры і пледы; мэбля і яе часткі; аўтазапчасткі і прыналежнасці для транспартных сродкаў; вудачкі, рыболаўныя і асобныя паляўнічыя прыналежнасці.

Абмежаванні таксама закрануць шэраг прамысловых тавараў: падшыпнікі, часткі сельгасмашын, палотны для цыркулярных піл, абсталяванне сувязі, уключаючы маршрутызатары, антэны, асобныя трансфарматары, выключальнікі, рэле і разеткі.

Забарона не распаўсюджваецца на прадукцыю, увезеную ў Беларусь да 14 снежня 2026 года ўключна. Такія тавары па-ранейшаму дазволена прадаваць на ўнутраным рынку.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю