Top.Mail.Ru
0

УНС арміруе гарызантальныя сувязі ў грамадстве

Сіла калектыўнага розуму

Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь, доктар навук, прафесар, дэлегат VІІ Усебеларускага народнага сходу ад РГА «Белая Русь» Аляксандр Радзькоў перакананы: сама падрыхтоўка да УНС стымулюе грамадства да шырокай дыскусіі і па актуальных пытаннях сённяшняга дня, і па праблемах стратэгічнага развіцця дзяржавы.

— Калі распаўся Савецкі Саюз, беларусы зразумелі, што сваё грамадства і сваю нацыю неабходна ўмацоўваць, — адзначыў ён. — І адразу сцямілі: для вертыкальнай устойлівасці краіны асновай павінна паслужыць прэзідэнцкая ўлада і моцная асоба на чале. Чалавек з моцным стрыжнем, які не дасць дзяржаве рассыпацца знутры і выстаіць перад знешнімі ўздзеяннямі і ўплывамі. Праз нейкі час мы зразумелі, што, акрамя вертыкальнага ўмацавання, трэба яшчэ і гарызантальнае — каб на ўстойлівасць працавала і народная мудрасць, размеркаваная па ўсёй краіне. Тады і было прынята рашэнне аб стварэнні Усебеларускага народнага сходу.

Аляксандр Радзькоў перакананы: грамадства ўстойлівае, калі яно змацавана і вертыкальнымі, і гарызантальнымі сувязямі. Ён вобразна прывёў прыклад з біялогіі. Калоніі мурашак выконваюць гіганцкія для свайго памеру аб’ёмы работ, рытмічна ўзаемадзейнічаюць адзін з адным, узводзяць складаныя канструкцыі. На яго думку, калектыўны розум у гэтым выпадку дэманструе сваю высокую эфектыўнасць, бо гэтыя насякомыя цалкам паспяхова жывуць на зямлі ўжо мільёны гадоў і досыць устойліва захоўваюць сваю папуляцыю. Унутраная стабільнасць грамадства дазваляе адказаць на ўсе выклікі і рызыкі: і знешнія, і тэхналагічныя, і звязаныя са штучным інтэлектам.

Аднак, на думку Аляксандра Радзькова, развіццё павінна працякаць па навукова-абгрунтаваных сцэнарыях. Паводле яго пераканання, сацыяльна-эканамічная мадэль, вектары, па якіх яна будзе рухацца, павінны быць старанна прааналізаваны, пралічаны, абгрунтаваны. І вялікая работа праводзіцца напярэдадні УНС.

— Адбываецца асэнсаванне таго, чаго мы ўжо дабіліся, і таго, што мы хочам зрабіць у будучыні, — канстатаваў Аляксандр Радзькоў. — Адбываецца навуковы аналіз нашага сацыяльна-эканамічнага развіцця. Трэба пралічыць і спрагназаваць: што нас чакае наперадзе, каб не памыліцца і не перагрэць эканоміку. Магчыма, выкананне планаў на 110 % будзе аптымальным, а на 115 % — ужо шмат. Магчыма, трэба зрушыць акцэнты ў гандлёвых адносінах з улікам развіцця тэхналогій штучнага інтэлекту. Маркетплэйсы ўжо адыходзяць на другі план, пачынаюць працаваць ШІ-агенты, якія самі фарміруюць заказы.

Уладзімір ВАЛЧКОЎ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю