Top.Mail.Ru

Абярэгі зямлі беларускай

108
17.07.2026 | 12:08

У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адкрылася выстаўка «Ад злога чаравання да шчаслівага вяртання» з фондаў музея народнай архітэктуры і побыту. Прысвечана новая экспазіцыя феномену беларускага духоўнага жыцця — абярэгу. Гэта ён спрадвеку суправаджаў чалавека ад першага імгнення жыцця, ён дапамагаў перадаваць з пакалення ў пакаленне моц веры і надзеі, спадчыну жыццёвага вопыту. 

Этнаграфічная экспазіцыя невыпадкова знайшла сваё месца ў зале літаратурнага музея. Варта нагадаць пра паэму Якуба Коласа «Новая зямля» — адзін з яго самых вядомых твораў, дзе пераканаўча паказаны не толькі штодзённыя клопаты простага селяніна, але і скарбы яго духоўнага жыцця. Галоўным абярэгам чалавека з’яўляецца сама зямля — яна надае сілу, абагачае духоўна.

Перанесціся праз стагоддзі, каб уявіць побыт нашых землякоў, іх працу па гаспадарцы, будаўніцтва ўласнага жытла, выхаванне дзяцей... Дзеля гэтага ў экспазіцыйныя комплексы сабраныя прыродныя матэрыялы, музейныя прадметы, фотаздымкі далёкіх дзён, абразы, тканыя паясы, унікальныя тэксты. Усё гэта жывіць традыцыйную культуру беларусаў. 

За шклом аднаго з выставачных стэндаў размясцілася вясёлая сямейка маленькіх лялек — абярэгаў, пра іх размова асобная. Казачныя фігуркі зроблены ў наш час на матывы, вядомыя з даўніны. Майстар-клас па іх вырабе арганізуюць у сценах музея. Гэта яшчэ адзін доказ таго, што абярэгі прыцягваюць увагу не толькі этнографаў, але і кожнага, хто цікавіцца своеасаблівымі інструментамі спазнання свету.

Яўген ПЯСЕЦКІ
Фота аўтара


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю