Таленавітыя юнакі і дзяўчынкі са сталічнай гімназіі № 5 імя герояў сустрэчы на Эльбе заваявалі сярэбраныя медалі на XV Усерасійскай адкрытай палявой Алімпіядзе юных геолагаў, якая прайшла з 24 ліпеня па 4 жніўня 2025 г. у Пермскім краі.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей МАСЛЯК, кіраўнік адміністрацыі Партызанскага раёна г. Мінска Мікалай ПАЛЯКОЎгенеральны дырэктар Навукова-вытворчага цэнтра па геалогіі Уладзімір МЕЛЬНІКАЎ, а таксама кіраўнікі каманды «Юныя геолагі Рэспублікі Беларусь»: дырэктар гімназіі № 5 імя герояў сустрэчы на Эльбе Жанна ГВОЗД і дэкан факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Інстытута дадатковай адукацыі БДУ Уладзімір МАХНАЧ.
Юныя ўдзельнікі каманды раскрылі сакрэты падрыхтоўкі да алімпіяды, расказалі пра асноўныя яе этапы і падзяліліся яркімі момантамі спаборніцтваў. А таксама правялі прэзентацыю экспазіцыі «80-годдзю Вялікай Перамогі прысвячаецца...» — мініяцюрных помнікаў Вялікай Айчыннай вайны з горных парод, якія навучэнцы гімназіі прывезлі з экспедыцый па беларускіх радовішчах карысных выкапняў. Сярод экспанатаў — Брэсцкая крэпасць са старабінскага сільвініту, даламітавы звон Хатыні, крэйдавыя школьныя парты дзіцячага канцлагера «Чырвоны бераг», кроў маленькіх вязняў якога фашысты забіралі для лячэння сваёй ваеннай эліты. Створаныя юнымі геолагамі работы былі прадстаўлены ўлетку на конкурсе «Геалогія і мы» на міжнародных алімпіядах.
Напрыканцы сустрэчы ўдзельнікі і кіраўніцтва каманды атрымалі каштоўныя падарункі і падзякі Мінпрыроды.
Александрына Паршына
Фота: Віктара Іванчыкава