Top.Mail.Ru

«Бабуля» — гучыць горда!

67
23.10.2026 | 22:41

У Мінску завяршыўся фінал Рэспубліканскага конкурсу «Супербабуля-2026». Яго пераможцай, «Найлепшай бабуляй краіны», як назвалі яе са сцэны Канцэртнай залы «Мінскканцэрт», стала 64-гадовая Часлава Мулярчык (г. Скідзель, Гродзенская вобласць). 

Другое месца заняла 63-гадовая Святлана Левіна з Віцебска, а трэцяе — 55-гадовая Таццяна Алексяюк з г. п. Вялікая Бераставіца (таксама Гродзеншчына).

Каб адкрыць канверт з імем пераможцы І Рэспубліканскага конкурсу «Супербабуля», на сцэну паднялася Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава. 

— Эмоцыі перапаўняюць мяне, — сказала яна. — Таму што гэта цудоўны конкурс. Ён павінен стаць добрай традыцыяй у нашай краіне. 

— Быць бабуляй — вялікае шчасце, — падкрэсліла Наталля Іванаўна. — Як і мець бабулю. Я дакладна гэта ведаю, таму што ў маім жыцці так склалася, што я не ведала сваіх бабуль. Але я рада, што сёння — бабуля, і гэтым ганаруся. Дай бог кожнай жанчыне зведаць гэта пачуццё.

Конкурс, арганізаваны ГА «Беларускі саюз жанчын», праходзіў у нашай краіне ўпершыню. Праект накіраваны на ўмацаванне інстытуту сям’і, павышэнне грамадскага статусу старэйшага пакалення, захаванне сямейных традыцый і ўкараненне каштоўнасцяў актыўнага даўгалецця.

Успрымаць пенсійны ўзрост як час новых адкрыццяў, творчасці і рэалізацыі смелых ідэй — менавіта такая жыццёвая пазіцыя ў сучасных жанчын «сярэбранага ўзросту». Гэта даказалі фіналісткі Рэспубліканскага конкурсу «Супербабуля» — 14 маладых душой жанчын з усёй Беларусі. Галоўнае шоу конкурсу «Супербабуля» падарыла і фіналісткам, і гледачам цэлую гаму пазітыўных эмоцый. 

Аляксандра Анцэлевіч

Фота Валерыя Картуля


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю