Top.Mail.Ru

Больш за дзве тысячы навабранцаў прынялі прысягу ў Печах. Даведаліся, як праходзіла ўрачыстая цырымонія

143
21.11.2026 | 15:42

Дзень прыняцця ваеннай прысягі — новы і вельмі адказны этап у жыцці кожнага маладога чалавека. Яны — новаспечаныя абаронцы Радзімы — наш гонар і апора. Карэспандэнты «Звязды» пераканаліся ў гэтым, пабываўшы ў 72-м гвардзейскім аб’яднаным навучальным цэнтры падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў на ўрачыстым мерапрыемстве.

21 лістапада ў злучэннях і воінскіх часцях Узброеных Сіл краіны было асабліва ўрачыста і шматлюдна — прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя прынясенню ваеннай прысягі новым папаўненнем. 

У гэты дзень клятву на вернасць народу прынеслі каля 10 тысяч ваеннаслужачых, прызваных на тэрміновую ваенную службу і службу ў рэзерве. З іх больш за 2 500 чалавек — у 72-м гвардзейскім аб’яднаным навучальным цэнтры падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў. У найбуйнейшым навучальным злучэнні Узброеных Сіл ва ўрачыстых мерапрыемствах узяў удзел міністр абароны генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін.

«Армія — гэта школа, якая робіць з учарашніх школьнікаў сапраўдных мужчын»

— Сёння ў жыцці маладых людзей, якія стаяць тут, на пляцы, — асаблівы дзень, які застанецца ў памяці на ўсё жыццё. Хлопцы зрабілі важны крок у дарослае жыццё, прысягнулі на вернасць народу Рэспублікі Беларусь. Гэты крок, своеасаблівы маральны выбар, здольны здзейсніць чалавек, які мае трывалы ўнутраны стрыжань, — падкрэсліў, звярнуўшыся да ўсіх прысутных, міністр абароны. — Прыняўшы прысягу, маладыя людзі, не спалохаўшыся цяжкасцяў, зрабілі выбар на карысць бяспекі сваёй Радзімы, свайго народа, свайго дома, сваёй сям’і, далі слова служыць Беларусі, выконваць законы, быць сумленнымі і вернымі сваёй краіне. Гэта пазіцыя сапраўдных мужчын, якая выклікае шчырую павагу.
Кіраўнік ваеннага ведамства адзначыў, што кожны малады чалавек, які сёння прыняў прысягу на вернасць Айчыне, стаў часткай вялікага і зладжанага калектыву Узброеных Сіл нашай краіны:

— Я ўпэўнены, наша армія атрымала годнае папаўненне. Менавіта вам, хлопцы, трэба будзе прыняць эстафету папярэдніх пакаленняў: тых, хто ваяваў за Радзіму на палях бітваў Вялікай Айчыннай вайны і тых, хто забяспечваў яе абарону ў мірны час, — сказаў Віктар Хрэнін. — Перакананы, вы станеце прадаўжальнікамі слаўных традыцый нашых бацькоў, дзядоў і прадзедаў. Наперадзе ў вас складаная і напружаная баявая вучоба, засваенне ваеннай спецыяльнасці, авалоданне сучаснай баявой тэхнікай і зброяй, але званне ваеннаслужачага абавязвае быць стойкім, адважным, верным абавязку і мэтанакіраваным. Менавіта гэтыя якасці дапамогуць вам пераадолець усе цяжкасці на шляху да спасціжэння воінскага майстэрства.
Міністр абароны выказаў асаблівую падзяку бацькам навабранцаў за выхаванне годных сыноў:

— Вашы дзеці выбралі ганаровы і адказны шлях служэння Радзіме. Мы разумеем, як шмат значыць ваша цяпло, слова і вера ў іх. Упэўнены, яны апраўдаюць вашы надзеі і з гонарам выканаюць свой воінскі абавязак. 

У размове з журналістамі Віктар Хрэнін расказаў, што ў гэтую суботу па ўсёй краіне прымаюць ваенную прысягу больш за 10 тысяч навабранцаў.

— Я магу з упэўненасцю сказаць, што ўсе яны — не выпадковыя людзі. Колькасць прызыўнога рэсурсу сёння перавышае патрэбнасць Узброеных Сіл, і ў прызыўных камісій ёсць магчымасць адбіраць больш матываваных, падрыхтаваных хлопцаў. У гэтым плане мы адзначаем станоўчую дынаміку, — заўважыў міністр абароны. — Самае важнае — мы бачым, што камандзіры адзначаюць узрослы ўзровень нашай моладзі, здольнасць асвойваць праграмы баявой падрыхтоўкі. 

Час, па словах кіраўніка ваеннага ведамства, змушае Узброеныя Сілы развівацца.

— Мы для сябе вызначылі некалькі прыярытэтаў. Першы — гэта, вядома ж, людзі. Мы сышлі ад муштры. І патрабаванне нашага Прэзідэнта, яно простае, — што сёння ваенны чалавек павінен валодаць усімі сучаснымі спосабамі і формамі вядзення баявых дзеянняў, зброяй і аснову баявой вучобы больш арыентаваць на практычныя заняткі і мерапрыемствы. Што мы і зрабілі, перабудаваўшы і праграмы, і ўсю інфраструктуру, дзе арганізуецца баявая падрыхтоўка, — сказаў міністр абароны.

Другі прыярытэт — гэта тэхніка і тэхналогіі. 

— Толькі за 2026 год на ўзбраенне паступіла больш за 40 тысяч розных узораў узбраення. Яно патрабуе сур’ёзнага засваення. 

Трэцім прыярытэтам Віктар Хрэнін назваў пэўную стратэгію: рыхтавацца да вайны так, каб яе ніколі не было.
— Ваенная служба — гэта праца, — падкрэсліў міністр абароны. — Гэта не нейкі абстрактны абавязак перад краінай, гэта гатоўнасць абараняць сваіх родных і блізкіх, свой дом. І мы зробім усё для таго, каб нашы хлопцы гэта зразумелі, асвоілі і былі здольныя і гатовыя выканаць. Армія — гэта школа, якая робіць з учорашніх школьнікаў сапраўдных мужчын, — рэзюмаваў міністр абароны.

«Служылі нашы таты, мой муж, і будуць сыны»

Мікалай і Таццяна прыехалі з Мінска на цырымонію прыняцця ваеннай прысягі, каб падтрымаць свайго сына Аляксея. Новаспечанаму абаронцу Айчыны дваццаць два гады. 
— Успрыняў ён гэты этап у сваім жыцці спакойна, упэўнена — гэтыя ж эмоцыі перадаліся і нам, — прызналася з усмешкай мама. — Роўна месяц прайшоў, як мы яго не бачылі... Вядома, узмужнеў. Мы з мужам спакойныя за нашага сына. 

У сям’і нават не абмяркоўвалася размова аб тым, што служыць ва Узброеных Сілах Аляксей не будзе.

— Я сам служыў, — падключыўся да размовы тата ваеннаслужачага. — Гэта добры вопыт, дысцыпліна выпрацоўвае ў чалавеку самастойнасць, адказнасць. Сыну пажадаў годна служыць.
Сам Аляксей, як высветлілася ў ходзе гутаркі, трохі хваляваўся перад новым жыццёвым этапам. 

— Палохала невядомасць, — падзяліўся эмоцыямі ён. — Адправіўшыся сюды, прайшло тры дні — і я адчуў сябе сваім, адаптаваўся даволі хутка. Ды і час падчас службы ляціць вокамгненна. Месяц прайшоў, быццам тыдзень. 

З іншымі ваеннаслужачамі новага папаўнення нашаму суразмоўцу ўжо ўдалося раззнаёміцца.

— Гэтая ўзаемападтрымка вельмі дапамагае. Усе дружныя, дапамагаем адзін аднаму, — прызнаўся Аляксей.

Сярод тых, хто ў суботу прысягнуў на вернасць Радзіме, — гвардыі радавы Мікіта Саковіч. 

Падтрымаць яго ў гэты вельмі важны ў жыцці кожнага мужчыны дзень прыехала мама Ірына. Яна вельмі ганарыцца сынам:

— Ён спраўляецца, і гэта вельмі радуе, — прызналася жанчына. 

Новаспечанаму абаронцу Айчыны дваццаць два гады. Нягледзячы на юны ўзрост, Мікіта разумеў: аддаць доўг сваёй Радзіме — абавязкова.

— Страхаў альбо боязі ў мяне не было, — упэўнена сказаў ён. — Патрапіўшы сюды, я зразумеў, што арміі баяцца не варта. Гэта нават у нейкай ступені патрэбны этап жыцця, каб чалавек неяк пасталеў, узмужнеў, стаў больш самастойным. У прынцыпе, служыць не складана, калі выконваеш рэжым і расклад.

Сяргея Янчыка з Мінска падтрымаць прыехалі бацькі Аляксандр і Любоў. Пазнаёміўшыся з імі, стала зразумела, чаму сын хацеў і ўсведамляў неабходнасць службы кожнага мужчыны ва Узброеных Сілах.

— Мама адчувае неверагодны гонар за старэйшага сына! — адзначыла Любоў Мікалаеўна. — Гэты вопыт у нас упершыню, але падрастае яшчэ малодшы сын, з якім пройдзем гэты этап зноў.

Жанчына прызналася, што паняцце «адкасіць» у іх сям’і абсалютна не прымальна.

— Служылі нашы таты, мой муж, і будуць сыны, — пераканана яна. 

Сяргея прызвалі ва Узброеныя Сілы пасля 1-га курса навучання ў ВНУ — ён студэнт БДУКМ.

— Вучуся на харэографа, і гэты выбар прафесіі мне дапамагае нават цяпер, на службе. Напрыклад, да падтрымання сябе ў добрай фізічнай форме я даўно прывык. Гэты навык тут карысны.

Акрамя таго, харэаграфія — гэта пра распарадак і дакладнасць, што вельмі важна выконваць падчас службы.

Таму, у цэлым, я прывык да такога ладу жыцця. І гэта выдатна, што служба не стала для мяне чымсьці вельмі складаным. Гэта новы вопыт, з якім мы, мужчыны, абавязаны справіцца.

Сімвалічна, што тата будучага абаронцы Радзімы праходзіў службу ў гэтым жа навучальным цэнтры.

— Гэты вопыт майму сыну будзе карысны, — мяркуе мужчына. — Усялякія сітуацыі ў жыцці могуць адбыцца, і трэба быць да гэтага гатовым. Прайшоўшы гэты шлях сам, я пажадаў сыну годна служыць!

*** 
На працягу мінулага месяца пад кіраўніцтвам афіцэрскага складу для будучых абаронцаў Радзімы праводзіліся практычныя заняткі па прадметах баявой падрыхтоўкі, якія ўключалі ў сябе заняткі па агнявой падрыхтоўцы з выкананнем практыкаванняў навучальных стрэльбаў, па тактычнай падрыхтоўцы, тактычнай медыцыне, інжынернай падрыхтоўцы, а таксама ваеннай тапаграфіі.
Пасля заканчэння ўрачыстага мерапрыемства прыняцця прысягі ваеннаслужачыя новага папаўнення адправіліся ў сваё першае звальненне.
У далейшым яны будуць асвойваць свае ваенна-ўліковыя спецыяльнасці і пасля паспяховага навучання іх чакае размеркаванне для далейшага праходжання службы ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь!

Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ
Фота Валерыя КАРТУЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю