Доўгачаканая падзея адбылася ў канцы мінулага тыдня для жыхароў мікрараёна Усходні, ды і бадай усяго сталічнага Уручча. Тут з удзелам кіраўніка дзяржавы адкрылася 42-я паліклініка. Для жыхароў мікрараёна не толькі спрасцілася лагістыка — цяпер медустанова калі не ў пешай даступнасці, то за пару прыпынкаў. Але самае галоўнае — мінчане (і не толькі яны) атрымалі ў падарунак самы сучасны будынак з найноўшым абсталяваннем. Цяпер медыцынскую дапамогу яны будуць атрымліваць на новым узроўні, а паліклініку па праве ўжо назвалі паліклінікай будучыні.
Сучасны сяміпавярховы будынак змяшчае кабінеты ўрачоў, лабараторыі і нават дзве аперацыйныя. Усе яны забяспечаны новым абсталяваннем, а яно ў сучасных умовах адыгрывае вырашальную ролю, бо, як вядома, дазваляе ўрачу больш дакладна ставіць дыягназ і выяўляць захворванні, у тым ліку анкалагічныя на ранняй стадыі. Напрыклад, рэнтгеналагічнае аддзяленне займае ажно два паверхі.
Акрамя траўмахірургічнага аддзялення, жаночай кансультацыі, двух аддзяленняў агульнай урачэбнай практыкі, аддзялення прафілактыкі, тут прымаюць неўролаг, эндакрынолаг, отарыналарынголаг, афтальмолаг. У паліклініцы можна зрабіць не толькі звыклыя аналізы і абследаванні, але і больш спецыфічныя — напрыклад, жанчыны змогуць тут прайсці мамаграфію — працэдуру, якая дазваляе выявіць злаякасныя ўтварэнні малочнай залозы на ранняй стадыі.
Паліклініка разлічана на 850 наведванняў за змену і абслугоўвае 25 190 чалавек. Маецца флюарограф, два рэнтгены-апараты на 2 і 3 працоўныя месцы і мамограф. У паліклініцы працуе 220 супрацоўнікаў.
Алена КРАВЕЦ
Фота Лізаветы ГОЛАД