Удзельнікі гэтага хрэснага ходу адправіліся ў шлях 18 жніўня і прыйшлі ў сталіцу 26 жніўня, калі адбываюцца ўрачыстасці ў гонар адной з галоўных праваслаўных святынь беларускай зямлі — Мінскага абраза Божай Маці. Маршрут пачаўся ад Жыровіцкага Свята-Успенскага манастыра і пралёг праз 4 епархіі. Вернікі з усіх абласцей Беларусі, святары прайшлі 250 кіламетраў праз гарады і вёскі, наведваючы мноства храмаў.
Заключны ўчастак дарогі паломнікі прайшлі ад мінскага храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы да Свята-Духава кафедральнага сабора, дзе адбылося ўрачыстае набажэнства.
Мінскі абраз Божай Маці быў яўлены ў 1500 годзе на хвалях Свіслачы бліз Мінскага замчышча. Ад тых часоў па сёння абраз знаходзіцца ў Мінску. Вернікі захавалі яго ў часы ганення на веру і ў ваенным ліхалецці.
Яўген ПЯСЕЦКІ
Фота аўтара