30 кастрычніка ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы «Андрэй Бембель. Дарогамі эпохі», прымеркаванай да 120-годдзя з дня нараджэння майстра.
Выставачны праект ахоплівае перыяды творчага жыцця скульптара з 1940-х па 1980-я гады — з ваенных да апошніх гадоў жыцця. Нешматлікія захаваныя станковыя работы звязаны з асноўнымі этапамі шляху творцы ў мастацтве і раскрываюць галоўныя напрамкі яго мастацкіх пошукаў.
На выставе экспануюцца творы скульптуры са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і калекцыі сям’і мастака, унучкі Таццяны і праўнучкі Веры, а таксама дакументы і фатаграфіі з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва і сямейнага архіва, Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, з фондаў філіяла «Літаратурны музей Петруся Броўкі» Дзяржаўнага музея гісторыі Беларускай літаратуры і архіваў БелТА.
Куратар выставы — старшы навуковы супрацоўнік аддзела беларускага мастацтва XX–XXI стст. Анастасія Карнейка.
Выстава будзе працаваць да 14 снежня.
Віктар ІВАНЧЫКАЎ
Фота аўтара