Дзіцячую чытальную залу ўрачыста адкрылі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі 4 снежня.
Па словах генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Вадзіма Гігіна, адкрыццё Дзіцячай чытальнай залы прымеркавана да навагодніх і калядных свят.
— Кажуць, што самы лепшы падарунак — кніга, а адкрыццё Дзіцячай чытальнай залы ў такой сур’ёзнай, дарослай установе — гэта таксама наш падарунак не толькі дзецям, але і ўсёй краіне, таму што гэта ўклад у нашу будучыню, — адзначыў ён.
Сама прастора стане месцам не толькі для чытання, але і пляцоўкай для адукацыйных заняткаў і творчых мерапрыемстваў. Тут будуць праводзіцца сустрэчы з дзіцячымі пісьменнікамі, цікавыя размовы, літаратурныя віктарыны, майстар-класы.
Лізавета ГОЛАД, фота аўтара