Дзень Беларусі на XXXII Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы адзначылі 15 сакавіка ўручэннем пашпартоў юным грамадзянам у рамках усебеларускай акцыі «Мы — грамадзяне Беларусі!»
Найлепшыя прадстаўнікі моладзі атрымалі свой галоўны дакумент з рук намесніка прэм’ер-міністра Уладзіміра Караніка і члена Савета Рэспублікі, першага сакратара ЦК БРСМ Аляксандра Лук’янава.
— Тут сабраліся дзеці, якія, нягледзячы на юны ўзрост, ужо шмат чаго дабіліся ў спорце, мастацтве, вучобе, грамадскім жыцці. Я хачу ў якасці наказу сказаць, каб вось гэты энтузіязм яны не страцілі, — адзначыў Уладзімір Каранік.
Таксама ён звярнуў увагу на тое, што на другой старонцы пашпарта напісана, што ўладальнік гэтага дакумента знаходзіцца пад абаронай Рэспублікі Беларусь.
— Гэта не простыя словы. У нашай сацыяльна арыентаванай дзяржаве абарона законных правоў і інтарэсаў грамадзян, а таксама прадастаўленне кожнаму дзіцяці магчымасцей для гарманічнага развіцця з’яўляецца найвышэйшай каштоўнасцю дзяржавы. Мы хочам, каб вы знайшлі сваё месца ў жыцці, каб вашыя родныя і блізкія ганарыліся вашымі поспехамі і каб усе разам мы спрыялі развіццю і росквіту нашай любімай Беларусі, — заявіў ён.
Аляксандр Лук’янаў адзначыў, што для БРСМ гэтая акцыя з’яўляецца больш чым проста традыцыяй.
— Гэта сувязь пакаленняў. І вельмі сімвалічна, што ў рамках кніжнай выстаўкі-кірмашу мы сёння ўручылі нашым юным грамадзянам самую галоўную «кнігу» — іх пашпарты. У іх маладыя людзі будуць пісаць усе свае самыя каштоўныя радкі. Гэты дакумент звязвае нас з нашымі продкамі, роднымі і блізкімі, там адлюстравана наша прозвішча і наш жыццёвы шлях, а яшчэ гэта наш абярэг, — падкрэсліў ён.
Усе дзеці атрымалі ў падарунак таксама і новае выданне кнігі «Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь». Гэта прыгожа аформлены альбом пра нашу Радзіму, яе гісторыю, дзяржаўнае кіраванне і, вядома ж, непаўторную прыроду, нацыянальныя традыцыі і перспектывы развіцця краіны.
Па словах дырэктара выдавецтва «Адукацыя і выхаванне» Валянціна Навагродскага, да Дня Канстытуцыі звыш 98 тыс. маладых людзей атрымаюць такі прыемны падарунак.
— Гэтая кніга выйшла ў новай вокладцы, у новым выдавецкім афармленні, але самае галоўнае тут закладзена новая канцэпцыя, галоўная ідэя якой — быць годным грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, — падзяліўся ён.
Так, упершыню ў гэта выданне ўключана інфармацыя аб асноўных каштоўнасцях беларускага грамадства, сярод якіх патрыятызм, міралюбнасць, праца, стваральнасць, сям’я і павага да старэйшых.
Акрамя таго, дырэктар выдавецтва падкрэсліў, што ўпершыню ў гэтую кнігу ўключана інфармацыя аб нашых Узброеных Сілах.
— Азнаёміўшыся з гэтым выданнем, вы можаце даведацца, дзе вучаць прафесіі Радзіму абараняць, як працуюць у нас у краіне ваенна-патрыятычныя клубы ва ўстановах адукацыі, — падзяліўся ён.
Аднак галоўная задача кнігі, паводле слоў Валянціна Навагродскага, дапамагчы маладым людзям усвядоміць, што такое быць грамадзянінам Рэспублікі Беларусь. І, мяркуючы па першых водгуках, якія атрымліваюць у выдавецтве — кніга з гэтым паспяхова справілася.
На дні Беларусі сёння будзе яшчэ шмат цікавага, у тым ліку і на пляцоўцы Выдавецкага дома «Звязда». Самы час зазірнуць у выставачны цэнтр БелЭКСПА, каб з карысцю правесці гэту суботу.
Лізавета ГОЛАД
фота аўтара