Top.Mail.Ru

Фінал рэспубліканскага праекту па лёгкай атлетыцы ярка прайшоў у Мінску

704
26.04.2025 | 16:14

Спаборніцтвы — дзіцячыя. Барацьба, адказнасць і самаддача — дарослыя. Фінал рэспубліканскіх спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы «300 талентаў для Каралевы» прайшоў у Мінску. Сёлета спаборніцтвы асаблівыя — юбілейныя. Ужо 10 раз каралева спорту збірае самых таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак з усёй краіны і дае ім магчымасць паказаць свае здольнасці і праверыць сілы. 

Большасць з удзельнікаў турніру маладзейшыя за яго. Але да стартаў яны рхытаваліся сур’ёзна. З лістапада па сакавік вучні пачатковых класаў у сваіх школах праходзілі тэсціраванні здавалі нарматывы. Тыя, хто дайшоў да фіналу, прайшоў некалькі этапаў адбору. У Мінску спаборнічалі самыя хуткія і меткія. А каб усё было сапраўды сур’ёзна, напярэдадні галоўнага старту спартсмены правялі трэніровачныя зборы у НДУ «Зубраня». Па традыцыі, фінал «300 талентаў для Каралевы» — гэта свята, сёлета арганізатары прапанавалі ўдзельнікам адправіцца ў магічны цырк. Але ім было не да вяселля, да стартаў падышлі адказна. 

Тым больш, што на спаборніцтвы іх настройвалі пачэсныя госці. Міністр адукацыі Андрэй Іванец падзякаваў бацькам юных спартсменаў за тое, што яны ўкладваюць душу ў развіццё сваіх дзяцей, а трэнерам і выкладчыкам — за іх вялікі уклад, сілы ў падрыхтоўку будучых спартыўных зорачак. Намеснік міністра спорту і турызму Аляксандр Бараўля пажадаў, каб праект «300 талентаў для Каралевы» стаў першым крокам для вялікай мэты. На поспехі юных спартсменаў натхнялі і спартсмены заслужаныя: прызёры Алімпійскіх гульняў Іван Ціхан (а сёння старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі) і Ігар Лапшын (дырэктар Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы). 

«Для дзяцей — гэта свята. Для нас, дзіцячых трэнераў, гэта добрая магчымасць праверыць і прагледзець таленавітых дзяцей. Трое маіх вучняў, якія прайшлі праз гэты праект паступілі ў вучылішча алімпійскага рэзерву, сёння ў ліку лепшых лёгкаатлетаў у краіне па сваім узросце. Турнір выдатны», — падзяліўся Аляксандр Лазарчук, які ўзначальвае каманду Брэсцкай вобласці.

У праграму спаборніцтваў увайшлі 6 дысцыплін лёгкай атлетыкі: бар’ерны бе, перакрыжаваныя скачкі, кіданне набівальнага мяча, мнагабор’е, бег на цягавітасць, эстафетны бег 8×50м. Дысцыліны абраныя невыпадкова, яны ўваходзяць у праграму Дзіцячай лёгкай атлетыкі і дазваляюць у гульнявой форме навучыць юных лёгкаатлетаў асновам розных дысцыплін, захапіць іх і натхніць на працяг заняткаў.

А яшчэ больш іх натхняць і захопяць перамогі. Пераможцам дзясятага сезону «300 талентаў для каралевы» стала каманда Гомельскай вобласці, для якой гэта традыцыя. Яшчэ да фіналу Валянцін Баўтрэль, які рыхтуе гомельскіх атлетаў адзначаў, што каманда моцная і настроеная рашуча. На другім месцы — Гродненская. На трэцім — Магілёўская. 

Яшчэ адна перавага гэтых спаборніцтваў у тым, што для іх удзельнікаў пакуль яшчэ галоўнае ўдзел, а не перамогі. А перамогі будуць... Абавязкова. Першы этап яны ўжо прайшлі — палюбілі лёгкую атлетыку. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Лізаветы ГОЛАД


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю