16 кастрычніка ў дзяржаўнай установе адукацыі «Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі „Кантакт“ г. Мінска» адбылася ўрачыстая цырымонія прыёму навучэнцаў 10 ваенна-патрыятычнага класа пагранічнай накіраванасці гімназіі № 34 г. Мінска ў аб’яднаны ваенна-патрыятычны клуб Інстытута пагранічнай службы.
— Для вас, рабяты, сёння асаблівы дзень. Вы становіцеся часткай аб’яднанага ваенна-патрыятычнага клуба Інстытута пагранічнай службы. Упэўнены, што ўсе вы зрабілі свядомы выбар, па волі свайго сэрца. Вы не проста будзеце насіць ваенную форму. Вы будзеце ўдзельнічаць у ваенна-патрыятычных мерапрыемствах, інтэлектуальных конкурсах і алімпіядах. Будзе і практыка — экскурсіі на пагранічныя заставы, дзе зможаце наглядна ўбачыць і адчуць усе складнікі прафесіі пагранічніка. Многія з вас, магчыма, выберуць гэту прафесію. Будзьце актыўнымі і крэатыўнымі! Жадаю вам за гэтыя два гады атрымаць шмат ведаў і вопыту. І няхай паняцці адказнасці і патрыятызму ляжаць у аснове вашых учынкаў і дзеянняў, — адзначыў у сваім выступленні намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Вадзім Іпатаў.
23 навучэнцы 10 класа гімназіі вымавілі клятву, атрымалі пасведчанні «Юны пагранічнік», якія даюць права нашэння ваеннай формы, і нагрудныя знакі.
Віктар Іванчыкаў
Фота: Віктар Іванчыкаў