Штодня сотні гледачоў з цікавасцю прыходзяць у мінскі Палац мастацтва, каб паглядзець новы выставачны праект «Фрыда». Інтэрактыўная выстава прысвечана вялікай мексіканскай мастачцы дваццатага стагоддзя Фрыдзе Кала, якая трапіла ў маладосці ў аўтамабільную аварыю, наступствам якой стала інваліднасць.
Праект «Фрыда» — гэта выстава, дзе сучасныя мастакі пераасэнсоўваюць творчасць выбітнай мексіканскай мастачкі. Экспазіцыя раскрывае ключавыя аспекты, звязаныя з творчай спадчынай і жыццём Фрыды: багацце аўтапартрэтаў, тэмы фізічнага болю, траўміруючага вопыту, кахання, нацыянальнай ідэнтычнасці і нават смерці.
Аснову экспазіцыі складваюць работы беларускіх аўтараў, якія выкарыстоўваюць разнастайныя мастацкія медыя — ад жывапісу і графікі да лічбавага мастацтва і інсталяцый. Гледачы могуць убачыць, як працы і жыццёвы шлях Фрыды натхняюць сучасных аўтараў на пераасэнсаванне спадчыны вялікай мастачкі.
Кульмінацыяй праекта стаў імерсіўны фільм «Viva la Frida», які ў асобнай зале экспазіцыі праецыруецца на шматлікія паверхні, што дазваляе поўнасцю пагрузіцца ў тое, што адбываецца вакол. Ад культавых аўтапартрэтаў да сюррэалістычных выяў болю і стойкасці — нерасказаныя гісторыі нязломнага духу і неўтаймоўнай волі раскрываюцца ў кадрах фільма, дзе як бы сама мастачка расказвае пра сваё жыццё і творчасць.
Віктар ДРАЧОЎ
Фота аўтара