29 мая ў Мінскім аэраклубе імя двойчы Героя Савецкага Саюза С.І.Грыцаўца прайшло маштабнае дабрачыннае мерапрыемства, прымеркаванае да Міжнароднага дня абароны дзяцей. Галоўнымі гасцямі свята сталі падапечныя дабрачыннага фонду «Спірас» — больш за 350 дзяцей са спецыяльных школ, дамоў-інтэрнатаў, сацыяльных пансіянатаў горада Мінска, Мінскай і Гродзенскай вобласці.
Для юных гасцей адкрылі ўнікальную інфаструктуру аэраклуба, у тым ліку з экскурсіяй у Музей авіяцыі і касманаўтыкі. Дзеці пабачылі легендарныя самалёты і верталёты, даведаліся пра гісторыю беларускай авіяцыі і касмічных дасягненняў. У парку актыўнага адпачынку прайшлі спартыўныя гульні і эстафеты, таксама дзетак чакалі выступленне клоунаў, шоу гіганцкіх мыльных бурбалак, займальнае навуковае шоу, аквагрым. А лётчыкі ДТСААФ прадэманстравалі фігуры вышэйшага пілатажу на верталётах.
Фота: Валерыя Картуля