Увечары 17 мая Беларусь стала ўдзельнікам міжнароднай акцыі «Ноч музеяў». Толькі ў сталіцы свае дзверы адчынілі 37 музеяў і арт-прастор — і большасць з іх не абмежаваліся толькі познімі экскурсіямі. Нацыянальны мастацкі музей не абмінуў акцыію.
Тэма сёлетняй Ночы — «Жураўлі над Беларуссю» — абрана невыпадкова. Жораў — адна з самых любімых народам птушак. Горды, прыгожы журавель здаўна лічыўся ў славян сімвалам усеагульнага шчасця і радасці, дабрабыту і росквіту, а вяртанне журавоў з выраю ўспрымалася знакам абнаўлення жыцця. Вобраз лунаючых у блакітнай высі жураўлёў на Беларуссю быў шматкроць апеты ў літаратурных творах і выяўленчым мастацтве.
У гэты вечар у НММ працавала творчая майстэрня па напісанні шаржаў, праходзілі майстар-класы па дэкоры кардхолдэраў, народным танцам, роспісы драўляных нарыхтовак і выцінанцы. Інтэрактывы, розыгрышы падарункаў, экскурсіі па музеі — кожны змог знайсці занятак па душы. І, вядома, парадавацца паглыбленню ў сапраўднае мастацтва.
Віктар ДРАЧОЎ
Фота аўтара