Дзвесце гадоў таму ў Мінску быў узведзены гарадскі «казённы дом», які адразу атрымаў назву «Пішчалаўскі замак» па прозвішчы падрадчыка гэтай новабудоўлі. Спачатку аб’ект складаўся з двух будынкаў: у адным знаходзілася адміністрацыя, а ў другім адбывалі пакаранне зняволеныя, якім, да ўсяго іншага, прызначалася працаваць у «казённым доме», на гарадскіх могілках, рамантаваць масты.
Праляталі гады, неаднойчы мянялася назва вуліцы, на якой знаходзіўся Пішчалаўскі замак, але нязменным заставалася само прызначэнне гэтага рэжымнага аб’екта. Нарэшце лёс двухсотгадовага будынка з характэрнымі вежамі крута змяніўся: побач са старымі сценамі ўзняліся будаўнічыя краны, а на агароджы з’явілася шыльда: «Рэканструкцыя комплексу будынкаў па вул. Валадарскага, 2 у г. Мінску пад шматфункцыянальны комплекс».
Так сёлета будаўнікі і рэстаўратары перагарнулі новую старонку гісторыі старога замка. Будынак плануюць рэканструяваць, ён стане адным з пунктаў экскурсійнага маршрута па Мінску. З’явяцца тут адпаведныя новаму прызначэнню аб’екты інфраструктуры, у тым ліку і музей. Менавіта музей мае падставу стаць асабліва прыцягальным для наведвальнікаў — у Пішчалаўскім замку калісьці адбывалі пакаранне ўдзельнікі паўстання 1831 года, класік беларускай літаратуры Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, рэвалюцыянер Іван Пуліхаў, знаходзіліся асуджаныя пісьменнікі Якуб Колас, Уладзімір Дубоўка, у час Вялікай Айчыннай вайны ў турме фашысты люта здзекаваліся з патрыётаў-падпольшчыкаў. Дарэчы, у пасляваенныя гады, згодна з нязменным профілем установы, у камеры замка трапілі і нацысцкія злачынцы.
У гэтыя дні будаўнічая пляцоўка на мінскай вуліцы імя Валадарскага звонку амаль нябачная — старая высокая агароджа па-ранейшаму надзейна захінае Пішчалаўскі замак. Але і яе пасля рэканструкцыі замка ліквідуюць, адкрыецца новы ландшафт з газонамі, паркоўкамі, малымі архітэктурнымі формамі. Будуць адноўлены дэкаратыўныя карнізы і паясы, каваная ўваходная лесвіца часоў будаўніцтва замка, яшчэ адна вінтавая лесвіца павядзе на верх вежы, адкуль адкрыецца від на горад.
Наперадзе ў будаўнікоў і рэстаўратараў шмат складаных спраў. Завяршыць работы яны плануюць у верасні 2027 года.
Яўген Пясецкі
Фота аўтара