Аляксандраўскі сквер у Мінску. Для тых, хто адразу не нагадае чым адметная гэта адна з самых маленькіх зялёных лакацый сталіцы, паведамлю: перад манументальнай гранітнай трыбунай, якая упрыгожвае сквер, у мінулым стагоддзі праходзілі самыя галоўныя урачыстыя парады і дэманстрацыі. Вышэзныя ліпы маўкліва занатоўвалі ў сваёй памяці ўсе падзеі вірлівага часу, яны працягваюць гэта рабіць і сёння.
Шмат чаго ў памяці старых дрэў. Шкада, да нашых дзён не дастаялі юныя дрэўцы, якія ў 1836 годзе сталі сведкамі заснавання на месцы невялічкага рынку гэтай зялёнай пляцоўкі. У далёкія часы жыхары Мінска назвалі сквер Аляксандраўскім за тое, што побач знаходзілася каплічка ўзведзеная ў гонар Аляксандра Неўскага.
Можна прыгадаць яшчэ адну знакаваю падзею з даўніны: у 1874 годзе ў знак адкрыцця першага мінскага вадаправода ў Аляксандраўскім скверы пабудавалі фантан «Хлопчык з лебедзем». Пра гэта і сёння сведчаць высечаныя на фундаменце лічбы.
Імкліва рушыць час, але не для каменных збудаванняў. Па-ранейшаму прыгожы фантан вабіць да сябе прахалодай ў зацень старых ліп. Шмат пакаленняў гараджан некалі бавілі тут вольны час. Ахвотна прыходзяць сюды і ў нашы дні. Прыцягвае не толькі непаўторная атмасфера, але і цікавінкі, якія ўсё часцей з’яўляюцца ў раскладзе дня старога сквера.
Сёння я прыйшоў сюды з фотаапаратам каб занатаваць сваеасаблівы партрэт сучаснага Аляксандраўскага сквера. Паказаць у здымках, як вулічны гадзіннік побач з шумлівай лістотай адлічвае новыя хвіліны, як вакол старога фантана збіраюцца мінчукі. У гэты дзень яны прыйшлі да фантана дзеля сустрэчы з любімымі спевакамі. Неўзабаве на галоўнай алее мусіў пачацца канцэрт салістаў заслужаннага калектыва Рэспублікі Беларусь «Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі імя М. Я. Фінберга».
Што казаць! Таленавітыя маладыя спевакі, удзячныя гледачы розных узрастаў, прыгожыя мелодыі, сонечнае надвор’е і мноства кветак вакол — гэта і ёсць яскравы сёняшні партрэт невялічкага старажытнага сквера.
Мяркую, такая новая функцыя зялёнай лакацыі стане вызначальнай для яе ролі у вірлівым жыцці сучаснага горада. Відаць, пра падобнае марылі і тыя, хто пасля Перамогі адбудоўваў зруйнаваны вайною Мінск. Каля аднаго з уваходаў у сквер я сфатаграфаваў упрыгожаную карункамі літую пласціну з лічбамі 1955. Сваеасаблівы аўтограф пакінуты тагачаснымі будаўнікамі.
А яшчэ на ўрачыстых барэльефах гранітнай сценкі-агароджы, сярод афіцыйных сімвалаў мінулага стагоддзя, фотаапарат зафіксаваў выявы скрыпкі, сцэнічнай маскі, кнігі... Відаць, такім чынам манументалісты імкнуліся перадаць у наступныя стагоддзі сваё пажаданне, каб зялёны сквер заўжды радаваў сустрэчамі з творчымі здабыткамі мінчан.
Яўген ПЯСЕЦКІ
Фота аўтара