У чарговы раз галерэя «Панарама» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі радуе наведвальнікаў новым выставачным праектам. «Паўкубка гарбаты» — менавіта так называецца выстаўка сучасных мастакоў, сужэнцаў Глорыі Ран і Ільі Гічана.
Для маладых людзей гэта першы сумесны выставачны праект. У аснове экспазіцыі ляжыць яркі кантраст двух аўтарскіх сусветаў, якія не спрачаюцца адзін з адным, а ўступаюць у тонкі візуальны дыялог. Творы Ільі Гічана звернуты да маштабных праблем — узаемадзеяння чалавека з планетай і крытыкі эпохі спажывання. Карціны Глорыі Ран, у сваю чаргу, пераносяць гледача ва ўтульную прастору дома, дзе можна здабыць унутраную цішыню, душэўную цеплыню і схавацца ад лічбавага шуму і глабальных узрушэнняў.
Паводле слоў намесніка генеральнага дырэктара НББ Віктара Пшыбыткі, унікальнасць выставы ў тым, што гэта першы тандэм маладых мастакоў, які прэзентуецца ў галерэі.
— Гэта вельмі цікавая выстава, таму што яна аналізуе прыроду ўзаемаадносін двух мастакоў, але, па сутнасці, гэта больш чым два мастакі — гэта два чалавекі, якія ідуць побач па жыцці адно з адным, — адзначыў ён. — Тут прадстаўлены вельмі цікавы вопыт, калі мы бачым два погляды на рэчы. Я б сказаў, што гэта погляд мужчынскі і жаночы. Гэта супрацьлеглыя погляды, якія гарманічна дапаўняюць і натхняюць адно аднаго па жыцці і ствараюць такія цікавыя творы.
Таксама на яго думку, гэтая выстава — магчымасць паглядзець на ўзаемаадносіны праз мастацтва, таму што тут узнімаюцца пытанні важнасці прыняцця светапогляду іншага чалавека без імкнення перарабіць яго.
Назва экспазіцыі «Паўкубка гарбаты» выбрана невыпадкова. Яна ўвасабляе ідэю павагі і творчага дыялогу на роўных, а таксама адлюстроўвае прастору, якую мастакі пакідаюць адно для аднаго, не абмяжоўваючы чужую свабоду. А для гледача — гэта запрашэнне зрабіць паўзу, паразважаць і ўбачыць, як арганічна гучаць ва ўнісон два зусім розныя майстры.
Наведаць выставу можна да 1 лютага 2027 года.
Лізавета ГОЛАД, фота аўтара