Top.Mail.Ru

Пачалася мадэрнізацыя Летняга амфітэатра ў Віцебску

665
18.10.2025 | 18:40

Змены самай знакамітай канцэртнай пляцоўкі Беларусі прадугледжваюць перш за ўсё аднаўленне яе асвятлення. Тое, што маецца ў амфітэатры на бягучы момант, было актуальна ў 2007 годзе, калі па даручэнні Прэзідэнта колькасць месцаў для гледачоў была павялічана да 6,2 тысячы, а над глядзельнай залай пабудавалі дах. Да юбілейнага, XXXV «Славянскага базара ў Віцебску» амфітэатр зноў памаладзее.

Час дыктуе неабходнасць выкарыстоўваць даступныя цяпер аптавалаконныя светлавыя сістэмы з кіраваннем праз воблачныя тэхналогіі і серверы. Ёсць задума зрабіць вялізны святлодыёдны экран з магчымасцю анлайн-трансляцыі выяў. Тэхнічныя ўдасканаленні праявяцца ва ўстаноўцы дадатковай інжынернай лініі, каб зручней было працаваць гука- і святлоаператарам. Гэта ў сваю чаргу дадасць відовішчнасці канцэртным праграмам.

Спецыялісты прыступілі да падрыхтоўчага этапу наступных пераўтварэнняў. Так, дэмантуюць сядзенні, на якіх відаць адзнакі часу. Іх заменяць на больш зручныя складныя пластыкавыя крэслы. 

Прамысловыя альпіністы наваполацкага прыватнага прадпрыемства «АНАКОНДА ПРОФІ» паралельна мыюць дах. 

— Вядзём гідраструйную ачыстку металаканструкцый, агульная плошча якіх складае каля 30 тыс. кв. м, такой жа ачыстцы з абодвух бакоў падлягае 10 тыс. кв. м полікарбанату, якім накрыты дах, — патлумачыла намеснік дырэктара фірмы Дар’я Чарнавус. — Відаць, на зімовы час возьмем паўзу, а ўвесну будзем фарбаваць металаканструкцыі. 

Ёсць патрэба ў стварэнні даступнага асяроддзя, рамонце лесвіц і прыступак у глядзельнай зале і навакольным комплексе амфітэатра. 

Папярэдні час завяршэння мадэрнізацыі — чэрвень 2026 года. 

Святлана ЯКАЎЛЕВА

фота Лізаветы ГОЛАД



arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю