Новую праграму «Планета «Цырк» зусім хутка пакажуць у Белдзяржцырку. Афіцыйная прэм’ера адбудзецца 1 лютага, аднак «Звяздзе» ўдалося трапіць на генеральную рэпетыцыю і падзяліцца з вамі яркімі кадрамі з гэтага цудоўнага шоу.
— Чаму назва «Планета «Цырк»? Таму што гэта разнастайнасць жанраў. Ва ўсім гэтым будуць задзейнічаны тры — складнікі: добрая трукавая частка, добрая дрэсура і, вядома, добрая клоунская работа, — адзначыў дырэктар Белдзяржцырка Уладзімір Шабан.
Па яго словах, кожную праграму тут робяць індывідуальна і эксклюзіўна, каб не было прахадных нумароў.
— Я не хачу станавіцца ў канвеер, тады губляецца творчасць, — заключыў ён.
У сваю чаргу мастацкі кіраўнік Белдзяржцырка Вітаўтас Грыгалюнас адзначыў, што асаблівасць гэтай «планеты» ў тым, што на ёй пануюць толькі станоўчыя эмоцыі: узаемаразуменне, імкненне здзіўляць і радаваць.
— Гэтая планета вельмі маленькая: у дыяметры ўсяго 13 метраў: такі ў нас памер манежа. Тым не менш на гэтай маленькай планеце змяшчаецца такое дзіўнае спалучэнне жанраў, нумароў і трукаў, — падзяліўся ён.
Шмат цікавых відовішчных нумароў падрыхтавалі ў Белдзяржцырку для гледачоў. Гэта і пластычныя акрабатакі, і спрытны жанглёр, і абаяльныя сабачкі, і смелыя канатаходцы. Аднак самым эксклюзіўным нумарам стала «Кола смеласці» Андрэя Пагарэлава. Ён адзіны ў свеце чалавек, які выконвае сальта з піруэтам на семафоры.
Наведаць новую цыркавую праграму можна да 11 мая.
Лізавета ГОЛАД
Фота аўтара