Top.Mail.Ru

Падарожжа ў гісторыю мінскага транспарту

76
05.11.2026 | 10:37

«Як усё пачыналася: гісторыя наземнага гарадскога транспарту Мінска» — так назвалі выстаўку-прэзентацыю яе арганізатары з Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэкі. Гэта сталічная бібліятэка найбольш вядомая сярод шырокага кола спецыялістаў розных галін, але новая экспазіцыя будзе цікавай для кожнага, бо ўсе мы далучаны да вялікай, растучай сям’і пасажыраў тралейбусаў, трамваяў, аўтобусаў, таксі. 

У зале рэтравыданняў вядучы бібліятэкар Алена Сідарэнка падрыхтавала для наведвальнікаў не толькі багаты фактамі расповед, але і цікавую калекцыю экспанатаў, якія маюць непасрэдныя адносіны да транспартнай сістэмы Мінска. 

Размова пра тое, з чаго ўсё калісьці пачыналася, пабудаваная на дакладных гістарычных матэрыялах. Рэтракалекцыя бібліятэкі складаецца з трох тысяч кніжных і перыядычных выданняў розных стагоддзяў, прамысловых каталогаў, матэрыялаў па стардантызацыі, патэнтных дакументаў. Карацей кажучы, ад мая 1892 года (адкрыццё ў Мінску конна-чыгуначнай дарогі) да нашых дзён наземны мінскі транспарт прырастаў новымі відамі: конка, веласіпеды, аўтамабілі, трамваі, аўтобусы... У зале рэтравыданняў, дэманструючы тоўстую старую кнігу «Паравыя машыны», вам пакажуць і невялічкі макет старога паравоза, які калісьці бегаў па вузкакалейках. Паказваючы калекцыю праязных талончыкаў мінулага стагоддзя, пазнаёмяць з тагачаснай вылічальнай тэхнікай (грашовы разлік перавозкі пасажыраў быў няпросты, кошт аднаго талончыка ў рублях часам вызначаўся чатырохзначнай лічбай!). 

Шмат цікавага паведаюць архіўныя здымкі. Так, разглядаючы фота ўзвядзення Дома ўрада, міжволі заўважаеш, што на будоўлі не відаць пад’ёмных кранаў. Аказваецца, будматэрыялы ў свой час дастаўлялі па трамвайных рэйках. Ёсць тут шмат здзіўляльных фотадакументаў мінулага. Напрыклад, здымак двухпавярховага аўтобуса ў Слуцку быў зроблены больш як сто гадоў таму. Ёсць і фота першага сталічнага тралейбуса (1952 год) — гэты экзэмпляр транспартнага сродку мінчане беражліва захавалі і ў пачатку новага тысячагоддзя нават выкарысталі на здымках мастацкага фільма.

Выстаўка зацікавіць наведвальнікаў розных узростаў, і для кожнага тут знойдзецца нечаканы прэзент. Вядучы бібліятэкар Алена Сідарэнка прапануе вам прабіць у старым кампосцеры праязны талончык. Прачытайце нумар на ім — ён будзе шчаслівым! Захавайце шчаслівы талончык, няхай поспех заўжды будзе з вамі на ўсіх дарогах.

Яўген ПЯСЕЦКІ

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю