Top.Mail.Ru

Падарожжа па казачным мінскім балоце

84
24.08.2026 | 15:04

— А дзе ж тое балота ў вялікім горадзе, — спытаеце вы, і не кожны знойдзе што адказаць. Сапраўды, ці можа з’явіцца балота побач з праспектамі, паркамі, вышыннымі дамамі? Што датычыцца прыгажосці прыроды, то гараджане заўжды аб гэтым клапоцяцца: напрыклад, у 2026 годзе яны пасадзілі ў сталіцы больш за 1 міліён 200 тысяч аднагадовых кветкавых раслін.

Але не толькі клумбы ды кветкавыя кампазіцыі дадаюць прыгажосці Мінску. Штогод павялічваецца колькасць зялёных добраўпарадкаваных лакацый для адпачынку — магчымасць з карысцю бавіць час дзятве і дарослым. Запрашаю вас наведаць адну з такіх, дзе, да таго ж, можна прайсціся па сцежках сапраўднага прыроднага верхавога балота. 

З казачнымі гісторыямі і сапраўднымі жыхарамі такой унікальнай мясцовасці знаёміць экалагічная сцежка на гарадскім узбярэжжы Свіслачы бліз вуліцы Нававіленская. Вядзе яна да вялікай брамы з надпісам «Партал у свет балота». За ўваходам непадобны на гарадскія паркі пейзаж — тут пакінулі некранутым прыродны рэльеф з адпаведным яму зялёным багаццем і зарослы бераг. Ідзеш сцежкай, пераходзіш бярвенчатыя масткі, мінаеш казачную хатку Вадзянога і здаецца, што чуеш галасы лясных насельнікаў. Калі ж гэтых насельнікаў на самай справе не сустрэнеце, то пазнаёміцца з імі можна на фотаздымках — яны для аматараў прыроды размешчаны на вялікім стэндзе. Шмат цікавай інфармацыі пра балоты і на іншых стэндах. Казачныя жыхары запаведнай мясцовасці прадстаўленыя драўлянымі фігурамі. 

Створаны як зона адпачынку, «Партал у свет балота» наглядна распавядае пра вялікую ролю балот для навакольнага асяроддзя і мае асобае выхаваўчае значэнне. 

Гэты фотарэпартаж знаёміць з названым зялёным гарадскім узбярэжжам і паказвае, як там адпачываюць жыхары і госці сталіцы. 

Яўген ПЯСЕЦКІ
Фота аўтара


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю