Жальбіны з нагоды 84-й гадавіны смерці народнага паэта Беларусі Янкі Купалы адбыліся на Вайсковых могілках у Мінску.
У спецпаведамленні, якое захоўваецца у музеі Песняра, напісана: «упаў у лесвічны пралёт і разбіўся насмерць народны паэт Беларусі Янка Купала». Гэта адбылося 28 чэрвеня 1942 года ў 22 гадзіны 30 хвілін. З тых трагічных хвілін некалькі пакаленняў даследчыкаў імкнуліся высветліць тайну смерці паэта, кожны год гэты чэрвеньскі дзень яго зыходу з’яўляецца днём жальбін па першаму народнаму паэту, якога любіць народ і ўшаноўвае дзяржава.
Паэт быў перазахаваны ў Мінску на Вайсковых могілках у 1962 годзе. Памяць пра Песняра, яго словы любові да беларускай зямлі і беларускага народа жывуць ва ўсіх пакаленнях. Яго творчасць ад першага да апошняга радка належыць Беларусі і яе нацыянальнай культуры.
У дзень жальбін на Вайсковыя могілкі прыйшлі члены Саюза пісьменнікаў Беларусі, даследчыкі літаратурнай спадчыны Песняра, супрацоўнікі музеяў. У сваіх выступленнях яны распавядалі пра жыццё і творчасць класіка беларускай літаратуры, чыталі вершы. Да помніка былі ўскладзены кветкі.
Яўген ПЯСЦКІ
Фота аўтара