Top.Mail.Ru

Пісанкі ды шкрабанкі на велікодны матыў

220
28.03.2026 | 13:14

Многія з нас на Вялікдзень будуць віншаваць родных і сяброў традыцыйным святочным чырвоным яечкам. Падрыхтаваць такія падарункі нескладана — у крамах гэтай прыгажосці будзе ўдосталь, да таго ж гаспадыні добра ведаюць, як самім упрыгожыць іх, дзе набыць спецыяльныя фарбы для такіх яечак, налепкі. І ўсё ж кожны мае магчымасць пашырыць свае веды ў гэтай справе, пазнаёміцца з новымі варыянтамі фарбавання, натхніцца новымі ўзорамі святочнага роспісу.

Пра ўсё гэта можна больш даведацца на выставе «Велікодныя матывы», арганізаванай Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, установамі «Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур» і «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці».

Майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з розных гарадоў і вёсак Беларусі паказваюць унікальныя ўзоры велікодных яечак-пісанак і шкрабанак, па-святочнаму складзеныя букеты вярбінак, пано і кампазіцыі на велікодныя матывы. Багата тут і разнастайных тэматычных вырабаў: інкрустацыя саломкай, саломапляценне, выцінанка, вышыўка, маляванка, лозапляценне, кераміка.

Да таго ж на выставе дэманструюць два элементы з Дзяржаўнага спісу гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: «Традыцыйны роспіс велікодных яек у г. п. Сапоцкін Гродзенскага раёна» і «Выраб велікодных вербаў (пальмаў) на тэрыторыі паўночна-заходняй Гродзеншчыны».

У зале выставы праходзяць майстар-класы і лекцыі на тэму адпаведных святу беларускіх традыцый. Для ахвотных засвоіць рэдкія прыёмы аздаблення велікодных яек прадстаўлены своеасаблівыя экспанаты-дапаможнікі: самаробныя інструменты, якімі карыстаюцца майстры.

Яўген ПЯСЕЦКІ 
Фота аўтара


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю