Top.Mail.Ru

Подзвіг Вялікай Перамогі ў літаратуры і кіно

475
05.11.2025 | 09:50

Літаратура і кіно — гэта два розныя, але аднолькава выдатныя спосабы пазнання свету і саміх сябе. Яны вучаць нас бачыць, чуць, адчуваць, суперажываць. І калі яны ўзаемадзейнічаюць, калі слова і вобраз зліваюцца ў адзінае цэлае, нараджаецца магія, якая здольна крануць самыя глыбокія струны чалавечай душы.

У Доме літаратара ў Мінску, у рамках ХХХІ кінафестывалю «Лістапад», адбыўся круглы стол, прысвечаны асэнсаванню подзвігу Вялікай Перамогі ў літаратуры і кіно. 

У мемарыяльнай зале сабраліся пісьменнікі, кінематаграфісты, архівісты, прадстаўнікі музеяў, каб абмеркаваць, як беларускае кіно адлюстроўвае нязгасную памяць народа аб перажытым у гады вайны. 

Старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч і Саюза беларускіх кінематаграфістаў Яўген Арандарэвіч адкрылі гэту значную падзею. Выступаючы перад прысутнымі, яны падкрэслілі, што літаратура і кіно — гэта магутныя інструменты, здольныя ўплываць на грамадскую свядомасць, захоўваць нацыянальную ідэнтычнасць. Яны выказалі ўпэўненасць у тым, што сумесныя намаганні дазволяць ствараць больш яркія і значныя кінакарціны, якія знойдуць водгук у сэрцах гледачоў. 

Традыцыі экранізацыі твораў айчынных літаратараў ляглі ў аснову кнігі «Глядзі і памятай», якая пабачыла нядаўна свет у выдавецтве «Беларусь». Яе аўтар Антаніна Карпілава адзначыла:

— Гэта выданне — даніна павагі беларускаму кінематографу і яго майстрам, якія здолелі на экране перадаць тэму Вялікай Айчыннай вайны. 

Аўтар знаёміць нас з імёнамі знакамітых рэжысёраў, аператараў, акцёраў, мастакоў-аніматараў і фатографаў, чыя творчасць дапамагла ўвасобіць на экране гэту найважнейшую старонку гісторыі. Кніга дазваляе не толькі згадаць пра фільмы, але і больш даведацца пра людзей, якія зрабілі іх такімі запамінальнымі.

У кнізе паслядоўна разглядаецца тэма вайны ў кіно. У канцы 1940-х гадоў яна гучала ў манументальна-гераічным ключы. Пачынаючы з сярэдзіны 1960-х, да яе звярнуліся так званыя "дзеці вайны"— пісьменнікі Алесь Адамовіч, Віктар Казько, рэжысёр Віктар Тураў. Іх творчасць, разам з такімі фільмамі, як "Вайна пад стрэхамі","Сыны ідуць у бой", "Сведка", "Дзяўчынка шукае бацьку", "Ідзі і глядзі", "У жніўні 44-га...", і многімі іншымі, стала важным сведчаннем таго, як змянялася ўспрыманне вайны ў мастацтве, адлюстроўваючы глыбіню і складанасць перажытага.

Асобнае месца ў кіналетапісе аб вайне займаюць карціны, знятыя па творах Васіля Быкава. Яго проза, напоўненая псіхалагізмам, знайшла яркае адлюстраванне ў такіх фільмах, як «Трэцяя ракета», «Альпійская балада», «Ваўчыная зграя», «Знак бяды», і іншыя. Гэтыя стужкі не проста дэманструюць падзеі вайны, але і глыбока даследуюць унутраны свет чалавека, яго выбар і стойкасць перад тварам смяротнай небяспекі.

Прадстаўнік Рэспубліканскага архіва кінафотафонадакументаў Міхаіл Гарэлік расказаў пра багатыя калекцыі ў фондах архіва, прадэманстраваў адметныя кадры кінахронікі. Ён падкрэсліў, што дзверы гэтых сховішчаў заўсёды адчынены для тых, хто цікавіцца гісторыяй і жадае дакрануцца да мінулага. 

— Гэтыя фільмы і іншыя архіўныя матэрыялы, — заўважыў Міхаіл Уладзіміравіч, — дазваляюць не толькі даведацца пра падзеі ваенных гадоў, але і зразумець глыбіню перажыванняў людзей, якія сталі сведкамі і ўдзельнікамі тых страшных падзей. Гэта праўда, якую ніхто і ніколі не зможа абвергнуць. 

За круглым сталом ішоў змястоўны дыялог, гаворка вялася пра многія выклікі сучаснага света, супрацьстаяць якім павінна жывое слова і мастацкае кіно. 

Гэта сустрэча стала сапраўдным мостам, які злучае два светы мастацтва з глыбокімі каранямі і агульнымі мэтамі. Пісьменнікі, якія ствараюць сусветы словамі, і кінематаграфісты, якія ўвасабляюць гэтыя сусветы на экране, абмеркавалі шляхі развіцця беларускай культуры, гаварылі пра новыя перспектыўныя праекты — усё на карысць цікаўнага гледача. 

Марыя Ліпень
Фота Віктара Іванчыкава

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю