Мінск упрыгожаны да Дня Перамогі. Напярэдадні 9 Мая ў святочным убранні вуліцы і праспекты ўсіх нашых гарадоў і вёсак, святочная палітра яскрава сведчыць пра велічнасць подзвігу нашага народа-пераможцы, пра ўклад Беларусі ў агульную Перамогу і павагу нашчадкаў да ўдзельнікаў гістарычных ваенных падзей.
Маляўнічае афармленне на праспекце Незалежнасці сталіцы адлюстроўвае эпізоды барацьбы супраць захопнікаў, нагадвае імёны герояў. Адпраўляемся ў падарожжа ад пачатку праспекта, дзе на плошчы Незалежнасці высіцца 40-метровае святочнае пано з 8 тысяч сцяжкоў.
Велічная кампазіцыя з выявай ордэна Айчыннай вайны першай ступені размясцілася на Кастрычніцкай плошчы побач з манументальнымі калонамі, на іх відаць інфармацыйныя блокі пра пераможны шлях воінаў 1-га, 2-га, 3-га Беларускіх і 1-га Прыбалтыйскага фронту. Мемарыяльны знак памяці мінскіх падпольшчыкаў, загінулых ад рук гітлераўцаў, знаходзіцца насупраць, на другім баку праспекта Незалежнасці, перад ім, як заўжды, мноства жывых кветак.
Непазнавальна змянілася плошча Перамогі. Гэта зразумела, бо тут каля велічнага манумента — галоўнага сімвала Перамогі — адбудуцца знакавыя святочныя падзеі.
Сярод цікавых праектаў мастакоў і дызайнераў — серыя вялікіх плакатаў, прысвечаных савецкім жанчынам, якія ў ваеннае ліхалецце дапамаглі здабыць Перамогу. Кампазіцыі зроблены на аснове архіўных фотадакументаў, паказваюць жанчын у радах воінаў і партызан, працаўніц абаронных прадпрыемстваў. Найбольш уражвае працяглая галерэя такіх шматметровых плакатаў пра гераінь вогненных саракавых на праспекце каля парка Чалюскінцаў.
Яўген ПЯСЕЦКІ
Фота аўтара