Днямі ў мінскім Маладзёжным тэатры пры цалкам запоўненай глядзельнай зале адбылася прэм’ера дзіцячага сучаснага балета «Абуджэнне Спячай Прыгажуні» на музыку Пятра Чайкоўскага і ў пастаноўцы таленавітага беларускага балетмайстра Аляксандры Буяльскай.
У гэтым балетным спектаклі Аляксандра мовай танца расказала гісторыю дзяўчынкі-сіраты Аўроры і станаўлення яе характару ў няпростых жыццёвых абставінах. Прынцэса яна ці не — вырашаць прыйшлося гледачам.
Не ўсё гладка на шляху Аўроры, але з ёй заўсёды побач яе анёлы-ахоўнікі — феі. Кожная фея падарыла маленькай Аўроры падарунак — сваю выключную рысу характару. Разам феі спрабуюць стварыць ідэальнага чалавека. Але яны самі не разумеюць, які ён, гэты ідэальны чалавек, і ці магчыма яго стварыць.
Асноўныя дзеючыя асобы гэтага балета — таленавітыя навучэнцы Мінскага харэаграфічнага каледжа Арыядна Кісялёва, Захар Мядзведскі, Лізавета Конаш, Ксенія Суботка, Бажэна Грыгор’ева, Улада Багавік і іншыя.
На здымках вы бачыце моманты генеральнай рэпетыцыі балета і яго прэм’еры ў Маладзёжным тэатры.
Віктар Драчоў.
Фота аўтара.