Top.Mail.Ru

Пройдземся разам па вуліцах Мінска з лета ў восень

818
28.08.2025 | 10:08

‎Пройдземся па горадзе, каб яшчэ раз палюбавацца хараством апошніх жнівеньскіх дзён. Гэта прыгажосць асаблівая, прырода сёння дадае на сваю палітру фарбы першага залатога лісця, першых халодных ранішніх туманаў...
‎На гарадскіх вуліцах перамена колераў пейзажа заўважная менш, чым на лугах ці ў лясах, але ўрбаністычны асяродак таксама імкнецца пакінуць на цыферблаце часу уласныя адмеціны. 
‎Відаць, таму сярод назваў мінскіх вуліц ёсць і такія: Летняя, Асенняя, Зімовая, Вясновая. А яшчэ ў горадзе шмат вулак, таксама звязаных з успамінам пра хараство розных часоў года: Кветкавая, Ягадная, Грыбная, Язмінавая, Снежная...
‎Мы надаём нашым вуліцам і праспектам імёны славутых герояў, называем у гонар знакавых падзей, і гэта вельмі добра, што побач з імі не знікаюць назвы вуліц, у якіх адлюстравалася прыгажосць роднай прыроды, наша адвечная сувязь з ёй.
Вуліцы Летняя і Асенняя па сталічных мерках невялічкія. Адсюль, з узгоркаў Заводскага адміністрацыйнага раёна бачныя вышынныя будынкі новых жылых кварталаў. Ад гэтых ціхіх, утульных вулачак прыватнага сектара я прапаную пачаць кароткае фотападарожжа па Мінску, убачыць прыгажосць сталіцы на рубяжы лета і восені. Паглядзіце на сонечную атмасферу, заўважце, як клапатліва даглядаюць гараджане кветнікі, зялёныя кампазіцыі. Усё гэта неўзабаве заменіцца асеннімі пейзажамі. Тое, як выглядаюць нашы вуліцы, сцвярджае, што ў прыроды няма дрэннага надвор’я і сустрэчы з яе прыгажосцю будуць чакаць нас зноў і зноў. 
Да гэтых здымкаў дадаю вершаваныя радкі пра нястрымную плынь нашага жыцця. 

Час ідзе. За годам крочыць год -
Рух па правілах, няспынны, без здарэнняў,
Святлафор усім пакажа паварот
З Летняй вуліцы да вуліцы Асенняй.

І стагоддзі, і імгненні — ўсе часы
У адным страі ідуць адной дарогай,
І ніхто з іх не націсне тармазы,
Не абгоніць, не прыпыніць анікога.

У дарозе гэтай доўга будзь -
Колькі дазваляе час, не меней -
Час табе падкажа, дзе звярнуць
З Летняй вуліцы да вуліцы Асенняй.

Яўген ПЯСЕЦКІ 
Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю