Музей гарадскога пасажырскага транспарту Мінска быў адкрыты ў кастрычніку 2018 года. Гэта адзіны ў рэспубліцы музей, дзе прадстаўлены такія віды наземнага транспарту як: аўтобусы, тралейбусы, трамваі. Знаходзіцца ён на тэрыторыі дзяржаўнага прадпрыемства «Мінсктранс» на Партызанскім праспекце, 6 у сталіцы.
Экскурсавод Дар’я Арэшкіна пачала нашу экскурсію з экспазіцыйнай залы з міні-кінатэатрам, відэасценай, дзе прадстаўлены гісторыя і развіццё грамадскага транспарту ад конкі да электробуса.
Тут жа можна пабываць у інтэр’еры кабінета дырэктара Мінсктранса 60-х гадоў. Людзі старэйшага пакалення памятаюць, як перасоўваліся па гарадах Савецкага Саюза на тралейбусах падмаскоўнага завода ім. Урыцкага ЗіУ-5, трамваях Рыжскага вагонарамонтнага завода РВЗ-6 і аўтобусах ЛАЗ і Ікарус з украінскага Львова і Венгрыі.
У суседняй зале мы ўбачылі выставу рэтраматацыклаў і веласіпедаў. І вядома самую цікавую частку гэтага унікальнага музея — выставу рарытэтнай тэхнікі пад адкрытым небам, якая налічвае 30 адзінак рухомага саставу.
Тут ёсць і першы тралейбус з дэпо № 1, а ў рухомым складзе тут можна ўвайсці ў салон і нават адчуць сябе вадзіцелем за рулём гэтых пасажырскіх транспартных сродкаў.
Віктар ДРАЧОЎ
Фота аўтара