— Сёлета конкурс прысвечаны Году беларускай жанчыны і таму праходзіў выключна сярод жанчын, — патлумачыла галоўны спецыяліст аддзела арганізацыйнай і грамадскай работы Беларускага прафесійнага саюза работнікаў будаўніцтва і прамысловасці будаўнічых матэрыялаў Антаніна Мельнічонак.
Конкурсы прафмайстэрства ў будаўнічай галіне праходзяць штогод, расказала яна. Але гэты конкурс — асаблівы: на ім быў і кулінарны этап.
— Кожная ўдзельніца прадэманстравала свае кулінарныя таленты, прыгатаваўшы халодныя закускі і падрыхтаваўшы арыгінальныя назвы для іх. Была праведзена сервіроўка стала на дзве персоны і кулінарная віктарына, — адзначыла Антаніна Мельнічонак.
Удзел у конкурсе прымалі як прафесійныя маляры з будаўнічых арганізацый краіны, так і маляры будучыя — вучаніцы будаўнічых каледжаў з усіх абласцей Беларусі. Для кожнай з дзвюх узроставых катэгорый прадугледжаны свой «п’едэстал гонару» — на гэтым конкурсе будуць вызначаны два першыя, два другія і два трэція месцы. Імёны пераможцаў сярод профі і сярод навучэнцаў строгае журы (у яго ўвайшлі прадстаўнікі ААТ «МАПІД») назаве толькі 12 жніўня ў Гомелі, дзе адбудзецца святочны канцэрт, прысвечаны Дню будаўніка. Так што пакуль інтрыга захоўваецца.
Прыярытэт — прафмайстэрству
Галоўным этапам конкурсу стала спаборніцтва ў малярным майстэрстве.
— Для прафесійных работніц спаборніцтва праходзіла ў абклейванні паверхняў сцен жылога памяшкання з улікам крытэрыяў ацэнкі, патрабаванняў тэхнічных нарматыўных прававых актаў і праектнай дакументацыі, — патлумачыла Антаніна Мельнічонак. — Навучэнцы каледжаў спаборнічалі ў афарбоўцы паверхні столі жылога памяшкання, таксама ўлічваючы ўстаноўленыя крытэрыі ацэнкі і патрабаванні. Па выніках агульнага падсумоўвання балаў будзе абрана пераможца, якая прадэманстравала найвышэйшы ўзровень майстэрства ў абодвух заданнях конкурсу — прафесійным і кулінарным. Хоць пры роўнай колькасці балаў прыярытэт усё ж будзе аддадзены менавіта прафмайстэрству.
Шмат цярпення і практыкі
Калі дарослыя маляры адчувалі сябе на конкурсе ўпэўнена, то маляры будучыя відавочна хваляваліся, хоць не хавалі: нават хваляванне гэта радаснае і прыемнае.
— Для мяне гэты конкурс вельмі важны, — падзялілася навучэнка Мазырскага дзяржаўнага каледжа будаўнікоў Мілана Шамро. — Сваю будучыню я звязваю з будаўнічай сферай, і ўдзел у гэтым прафесійным спаборніцтве стаў новым, непаўторным вопытам.
— Напэўна кожная ўдзельніца хацела б перамагчы, — дадае майстар вытворчага навучання Мазырскага дзяржаўнага каледжа будаўнікоў Святлана Аніскавец. — Але сам па сабе ўдзел у такіх конкурсах дае будучым маладым спецыялістам вельмі многае. А для таго, каб стаць прафесіяналам у будаўнічай сферы, на мой погляд, неабходна шмат цярпення, імкненне да новых ведаў і як мага больш практыкі.
— Для маёй вучаніцы, Ксеніі Івановай, гэта пакуль што першы вопыт працы на будаўнічай пляцоўцы. І таму ўдзел у такім конкурсе для яе цяжка пераацаніць, — перакананая майстар вытворчага навучання Бабруйскага дзяржаўнага індустрыяльна-будаўнічага каледжа Надзея Севідава. — Вядома, Ксенія хвалявалася. Але, мне здаецца, я хвалявалася яшчэ больш, бо яе адзнака на конкурсе — гэта адзнака і маёй педагагічнай працы. Я задаволеная тым, як яна справілася.
І ў цэлым, адзначалі прафесіяналы, канкурсанткі-навучэнцы паказалі высокі ўзровень будаўнічых ведаў і ўменняў. А значыць, нашы жылыя комплексы, кварталы шматпавярховай забудовы, грамадскія і прамысловыя аб’екты будуць надзейнымі і камфартабельнымі. Арганізатары конкурсу прадугледзелі для кожнай удзельніцы памятную фотасесію, і гэта стала выдатным спосабам «спыніць момант» і падкрэсліць значнасць жаночага ўкладу ў развіццё будаўнічай галіны.
Аляксандра Анцэлевіч
Фота Валерыя Картуля