На стадыёне ДТСААФ «Зара» ў вёсцы Прылессе пад Мінскам прайшоў Суперкубак па трэкавых гонках у класе «Легенды СССР».
Свае заезды рыцары на колах прысвяцілі, вядома ж, каханым дамам — жонкам, дочкам і сяброўкам. У кваліфікацыйных заездах выступіла 13 гоншчыкаў. Знешне баліды (бітыя, перабітыя)- гэта класічныя заднепрывадныя «Жыгулі» з каркасам бяспекі ўсярэдзіне і мінімальнымі дапрацоўкамі рухавікоў і падвесак. Аднак гэтыя рэтра-машыны на гоначным трэку гулі, як магутны пчаліны вулей. Часам уразаліся ў агароджы, глохлі, у кагосьці не зачыняліся дзверы, у выніку да фінішнага заезда даехала толькі пілотаў.
Два топавыя гоншчыкі — пераможца зімовага чэмпіянату гэтага года Ігар Якубовіч і віцэ-чэмпіён Яўген Ляўданскі павялі барацьбу за першае месца. Аднак Вікторыя адвярнулася ад абодвух — на п’едэстал прызёраў не стаў ніводзін з іх. Якубовіч празяваў старт, але за некалькі кругоў здолеў абыйсці сапернікаў і пачаў атакаваць Ляўданскага. У адзін з момантаў машыну Ігара Якубовіча развярнула. Атрымалася, што галоўную гонку Суперкубка выйграў Яўген Ляўданскі. Але шчасце пераможцы працягвалася нядоўга: суддзі разгледзелм ў дзеяннях Яўгена парушэнне правіл і анулявалі вынік пілота. Пераможцам першага ў гісторыі Суперкубка па трэкавых гонках нечакана для самога сябе стаў Павел Шасцілоўскі, другое месца дасталося Уладзіміру Кузняцову, а трэцяе — пачынаючаму гоншчыку крэатыўнаму Ягору Благадараву. Пераможцу Паўлу Шасцілоўскаму пашанцавала двойчы: ён выйграў Суперкубак і абраў з ліку заўзятарак Каралеву трэка, і правёз яе па стадыёне ў сваёй «карэце».
Аляксандр Грыгор’еў, фота аўтара