Top.Mail.Ru

Скрыжалі творчасці сям’і Зянько

815
06.11.2025 | 15:20

Выстава фатаграфіі і жывапісу «СКРЫЖАЛІ» адкрылася ў Галерэі мастацтваў Леаніда Шчамялёва. Аўтары новай экспазіцыі бацька і сын Зянько — Васіль (старэйшы) —вядомы фатограф, Васіль (малодшы) — мастак. Абодва ўраджэнцы Стаўбцоўшчыны ўлюбёныя ў родны край, знаўцы яго гісторыі, традыцый.

Назву для сваёй выставы аўтары вызначылі вельмі трапную: скрыжалі — гэта тое свяшчэннае і таямнічае, дзе ў спадчыну наступнікам могуць быць занесены нашы галоўныя запаветы, духоўныя каштоўнасці. 

Менавіта такой спадчынай памяці, неўміручасцю каранёў бачыцца калекцыя здымкаў ветэрана фотажурналістыкі Васіля Зянько (старэйшага). Чытачам будзе цікава даведацца, што на старонках старэйшай беларускай газеты «Звязда» здымкі гэтага майстра ўпершыню сталі з’яўляцца пяцьдзясят гадоў таму. У той час ён дасылаў у рэдакцыю інфармацыю пра жыццё працаўнікоў Стаўбцоўшчыны, маляўнічыя пейзажы. Неаднаразова ўдзельнічаў і перамагаў у фотаконкурсах газеты. Цяпер у залах галерэі побач з сённяшнімі работамі майстра прадстаўлены здымкі, зробленыя ў далёкія гады яго маладосці. Тут можна зноў убачыць твары аднавяскоўцаў, іх тагачасовы побыт, занатаваныя моманты працоўных і святочных дзён. Многія з гэтых фота зроблены ў мінулым стагоддзі падчас паездак па родным краі Васілём Зянько (старэйшым), фотакарэспандэнтам раённай газеты.

Творчасць малодшага Зянько адносіцца да спадчыны, якую пакідае на духоўных скрыжалях малодшае пакаленне сучасных мастакоў. У творчым тандэме ён удзельнічае як аўтар мастацкай інтэрпрэтацыі вершаў свайго земляка, сусветна вядомага пісьменніка Якуба Коласа. Карціны напісаныя ў аб’ёмна-контурнай тэхніцы сталі сродкам выражэння яркіх літаратурных сэнсаў, увасабленнем вершаваных матываў у візуальнае гучанне. Творчай знаходкай з’яўляецца выкарыстанне на гэтых карцінах вядомых вершаў класіка з дапамогай спецыяльнага аб’ёмнага шрыфта Брайля для людзей, якія страцілі зрок. Як падзяліўся аўтар, ён разлічвае і далей працаваць над такім праектам інклюзіўных карцін, каб невідушчыя сталі паўнапраўнымі наведвальнікамі выстаўкі, змаглі «разглядаць» карціны рукамі.


На здымках гэтай фотасправаздачы пра адкрыццё выставы вы бачыце яе аўтараў, яркія эмоцыі гледачоў, некаторыя здымкі дакументальнай хронікі прыроднага і сацыякультурнага ландшафту Стаўбцоўшчыны. А яшчэ (паглядзіце ўважліва на гэта фота!) вы пазнаёміцеся з Ганнай Іванаўнай — жонкай Васіля (старэйшага), маці Васіля (малодшага). Гэта ёй гледачы падарылі першы букет кветак на адкрыцці вернісажа. А як жа! Пад крылом Ганны Іванаўны ўся творчая сям’я Зянько, дзе разам з аўтарамі выстаўкі «СКРЫЖАЛІ» не менш адораныя дзеці і ўнукі.

Яўген ПЯСЕЦКІ

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю