5 лістапада ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь прайшло святочнае мерапрыемства «Вечар успамінаў», прысвечанае 69-годдзю з дня адкрыцця галоўнага корпуса музея.
Успомніць аб гісторыі Мастацкага музея сабраліся ганаровыя госці, нашчадкі дырэктараў музея: праўнучка першага дырэктара Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР Мікалая Міхалапа — Анастасія Скеп’ян, сын дырэктара Дзяржаўнага мастацкага музея БССР Юрыя Карачуна — Аляксандр Карачун.
У праекце прынялі ўдзел генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Ірына Мацяс, генеральны дырэктар музея з 1998 па 2023 гады Уладзімір Пракапцоў, мастацкі кіраўнік Беларускай дзяржаўнай філармоніі заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Юрый Гільдзюк, архітэктар, мастак, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Галіна Левіна, педагог заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Рылатка, вядучы навуковы супрацоўнік навукова-фондавага аддзела музея Алена Шапашнікава.
Сваімі ўспамінамі падзяліліся не толькі былыя і цяперашнія супрацоўнікі музея, але і яго наведвальнікі. У рамках конкурсу «Мая музейная гісторыя», які праводзіўся ў сацыяльных сетках, удзельнікі распавялі пра свае адчуванні ад наведвання музея.
Таксама наведвальнікам быў прадстаўлены праект «Ажыўшыя карціны». На гэты раз «ажылі» творы з рускай калекцыі. Наведвальнікі з дапамогай QR-кодаў змаглі ўбачыць дваццаць карцін з дапоўненай рэальнасцю, размешчаных у экспазіцыі.
Свята завяршылася выступленнем трыа «Акустык» і экскурсіяй па залах музея.
Віктар ІВАНЧЫКАЎ
Фота аўтара