На пляцы вайсковай часці 31802 адбылося адкрыццё збораў для 10-класнікаў Заводскага раёна. Сто школьнікаў на працягу дзесяці дзён у палявых умовах будуць спасцігаць асновы вайсковай службы.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел кіраўнік адміністрацыі Заводскага раёна Уладзімір Шыбека, намеснік камандзіра вайсковай часці 31802 падпалкоўнік Руслан Лабкоўскі.
— Многія з вас хвалююцца. Але менавіта тут хлапчукі ператвараюцца ў мужчын. Тут вы зразумееце, на што здольныя. Тут вы паверыце ў сябе і навучыцеся верыць у тых, хто побач. Тут да вас ставяцца як да будучых абаронцаў. Вы ідзяце той жа дарогай, што і тыя, хто ўжо абраў шлях служэння Радзіме. Нават залікі, якія вам трэба будзе здаваць, будуць прымацца па тых стандартах, што і ў новага папаўнення ваеннаслужачых. Гэта высокі давер і вялікі гонар. Няхай гэтыя дні стануць для кожнага з вас часам гонару і сілы. Удачы вам і поспехаў. У добры шлях, — адзначыў у сваім выступленні Уладзімір Шыбека.
Віктар ІВАНЧЫКАЎ
Фота аўтара