Некалькі апошніх працоўных дзён вопытныя рыбакі з брыгады Мікалая Лісовіча вядуць промысел на сажалках каля пасёлка Чырвоная Зорка. У большасці сваёй злоўленая рыба будзе змешчана ў нагульныя сажалкі для далейшага зарыблення. Аднак многія буйныя экзэмпляры карасёў, таўсталобікаў, карпаў і шчупакоў неўзабаве трапяць на прылаўкі краіны.
Усяго тут запланавана вылавіць больш за 40 тон рыбы, а ў дзень здымак тут здабылі 14 тон. Для параўнання: рыбакі гэтай брыгады — Сяргей Мясніковіч, Аляксандр Пузенка, Вячаслаў Сядоў і іх вопытны брыгадзір яшчэ нядаўна на асноўных сажалках гаспадаркі каля пасёлка Азёрны за змену здабывалі больш за 30 тон буйных асобін. Аднак у бліжэйшыя гады сітуацыя на сажалках Чырвонай Зоркі кардынальна зменіцца, канстатуе галоўны інжынер рыбгаса Руслан Татарыновіч.
Справа ў тым, што дно тутэйшых сажалак — чарназём, на якім, у адрозненне ад пяску, што на сушы, што на вадзе, ураджайнасць вялікая і з аднаго гектара тут плануюць вылоўліваць да 150 тон рыбы. Цяжкая і вельмі патрэбная для краіны «рыбацкая» работа ў нашым фотарэпартажы.Віктар ДРАЧОЎ
Фота аўтара