У цені дрэў, сярод духмяных шматлікіх квітнеючых аднагадовых і шматгадовых кветак заўсёды прыемна пагуляць і адпачыць ад спёкі і гарадской мітусні.
У гэтыя дні тут назіраецца пік цвіцення гладыёлусаў, гартэнзій і вяргінь.
Ужо некалькі тысячагоддзяў аматараў кветак радуе, любімая многімі расліна, гладыёлус. Родам гэтая кветка з Афрыкі, Міжземнамор’я, Сярэдніх Еўропы і Азіі, і Заходняй Сібіры.
Калекцыя гладыёлусаў у Цэнтральным батанічным садзе была заснавана ў 1958 годзе. У цяперашні час яна налічвае 672 сарты. Сярод цікавых фактаў пра гладыёлусы ў літаратуры апісваюцца наступныя.
У былыя часы, каля 300 гадоў да нашай эры, гладыёлус лічыўся пустазеллем і дапякаў людзям.
У сярэднявеччы адвар з кветак гладыёлуса ўжывалі пры зубным болі.
Быў час, калі цыбуліны гладыёлуса былі ласункам, іх смажылі або запякалі.
Лічылася, што гладыёлус здольны абараніць ад злых духаў. Воіны выкарыстоўвалі яго ў якасці талісмана ад гібелі.
Гладыёлус лічыцца «мужчынскай» кветкай. Букеты з іх традыцыйна ўручаюць пераможцам, чэмпіёнам, партнёрам па бізнесе.
Буянства фарбаў сённяшняга Батанічнага саду глядзіце ў нашым фотарэпартажы.
Віктар ДРАЧОЎ,
фота аўтара.