Кветкі ў час свята — што лепш адпавядае віншаванням і пачуццям удзячнасці! Прыродная прыгажосць кветак дапамагае без слоў даносіць нашы думкі, настрой. Асабліва, калі гэта запатрабавана нашай агульнай памяццю.
Мінскі парк Перамогі — маляўнічая сталічная лакацыя на ўзбярэжжы Свіслачы. Тут на адной з палян з’явіліся разнастайныя кветнікі — кампазіцыі, створаныя майстрамі зялёнага дызайну з усіх раёнаў сталіцы. Кожны кветнік мае права называцца незвычайным таму, што ўвасабляе разнастайнае аўтарскае бачанне розных творцаў. У той жа час усе кампазіцыі аб’яднаныя тэмай самай надзённай для ўсіх майстроў. «Сад Перамогі» — так сёлета назвалі свае крэатыўныя праекты мінскія ландшафтныя азеляніцелі і прысвяцілі іх 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Аглядаючы клумбы, можна пазнаёміцца з рамешчанай сярод кветак інфармацыый пра мінчан, якія пакінулі свой след на старонках летапісу гераічнай барацьбы нашага народа за незалежнасць, убачыць здымкі Мінска, зробленыя ў час святкавання дня Перамогі 80 гадоў таму.
Можна бясконца здзіўляцца хараством кветак, але агульнае уражанне ад кампазіцый складаецца дзякуючы не толькі раслінным садова-паркавым складальнікам. У дадатак аўтары выкарыстоўваюць разнастайныя дэкаратыўныя матэрыялы, метал, камень, адпаведныя рэпрадукцыі архіўнных здымкаў. Усё дзеля яскравага вобраза, які захоўвае наша агульная памяць.
Гран-пры свята кветкавых кампазіцый атрымала экспазіцыя створаная майстрамі Ленінскага раёна сталіцы. Здымкі гэтага фотарэпартажа запрашаюць вас на паляну парка Перамогі ў атмасферу хараства летніх кветак і творчых знаходак ландшафтных дызайнераў.
Яўген ПЯСЕЦКІ
Фота аўтара