Нягледзячы на тое, што ў прасторным памяшканні таксама знайшлося месца стэндам, на якіх прадстаўлены найноўшыя распрацоўкі ў дарожным будаўніцтве і аўтасэрвісе, найбольшую ўвагу прыцягвае ўсё, што звязана з «зялёным цэхам» нашай лясной краіны. Тут можна ўбачыць, як дакладна і хутка сыравіна ператвараецца ў дошкі і брусы зададзеных памераў для мэблевай вытворчасці і будаўніцтва. Ад нарыхтоўкі драўніны да высокатэхналагічнай перапрацоўкі — такі экскурс прапаноўваюць тут праз знаёмства з навінкамі гэтага цыклу. Высокадакладныя станкі з лічбавым праграмным кіраваннем і прафесійныя інструменты, сістэмы аўтаматызацыі і вымяральныя прыборы, тэхніка для транспарціроўкі і першаснай апрацоўкі драўніны — усё гэта цікавіць айчынных і замежных спецыялістаў.
Зразумела, што да вычарпальнай інфармацыі пра сучасную дрэваапрацоўку неабходна дадаць расповед, як з гэтай галіной звязаны нашы векавыя традыцыі і сённяшні дызайн. За гэту частку выстаўкі адказваюць майстры народных промыслаў. Побач з навінкамі робататэхнікі красуюцца мастацкія пано, вырабленыя рэзчыкамі па дрэве. Ёсць тут таксама экспазіцыя мэблі, сабранай з каранёў і галінак незвычайнай формы.
Адказным элементам выстаўкі з’яўляецца праграма з удзелам галіновых асацыяцый. Яе мерапрыемствы — шанц для ўдзельнікаў атрымаць адказы на самыя вострыя пытанні і ўзняць свой бізнес на новы ўзровень.
Яўген ПЯСЕЦКІ
Фота аўтара