З 10 па 12 чэрвеня ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку ў рамках маладзёжнага фестывалю інавацыйных тэхналогій праводзіцца XIII Мінскі адкрыты робатурнір.
Мэта спаборніцтваў — папулярызацыя і садзейнічанне развіццю робататэхнікі ў Рэспубліцы Беларусь і на міжнародным узроўні. У турніры спаборнічаюць удзельнікі ва ўзросце ад шасці гадоў.
— На робатурнір заяўлены больш за 400 каманд (каля 500 удзельнікаў і трэнераў) у 44 катэгорыях. Удзельнікі прадстаўляюць Беларусь і Расію. Сярод 44 катэгорый прадстаўлены самыя разнастайныя робаты: кіраваныя, аўтаномныя, наземныя, паветраныя і шмат-шмат іншых, — расказаў галоўны суддзя спаборніцтваў Аляксей Голік. — Задачамі спаборніцтваў з’яўляюцца: паглыбленне ведаў удзельнікаў у STEM-дысцыплінах з наступным іх прымяненнем і праверкай у рэальных спаборніцтвах; рэалізацыя магчымасці апрабацыі атрыманых ведаў у вырашэнні рэальных задач, павышэнне ўзроўню канкурэнцыі ў выбраных дысцыплінах, вызначэнне ў іх мацнейшых удзельнікаў; стварэнне ўмоў для абмену досведам і інфармацыяй паміж удзельнікамі, трэнерамі, бацькамі.
Арганізатары турніру — установа адукацыі «Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк», ТАА «Адукацыйны цэнтр праграмавання і высокіх тэхналогій», ТАА «Вучыся і кропка», ТАА «Сямейны праект» (Клуб робататэхнікі «Імпульс») і інш.
Дзякуючы падтрымцы арганізатараў у кожнай катэгорыі спаборніцтваў прызёры атрымаюць спецыяльныя сертыфікаты ў віртуальнай валюце — Карынты, якія ўдзельнікі змогуць абмяняць на прызы.
Віктар ІВАНЧЫНКАЎ
Фота аўтара