Top.Mail.Ru

У Мінску вызначылі найлепшыя маладзёжныя праекты краіны

472
04.04.2025 | 10:15

У Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку прайшоў фінал XIV рэспубліканскага маладзёжнага праекта «100 ідэй для Беларусі» — галоўнай пляцоўкі для прэзентацыі і прасоўвання распрацовак маладых вучоных, вынаходнікаў і прадпрымальнікаў.

З лістапада мінулага года на ўдзел у праекце паступіла больш за 1300 заявак ад таленавітай моладзі з усёй краіны. Але перш чым трапіць у рэспубліканскі фінал, удзельнікі павінны былі прайсці сур’ёзны адбор на розных рэгіянальных узроўнях. Асобна яго праводзілі ў Нацыянальнай акадэміі навук, а для студэнтаў быў арганізаваны спецыяльны міжуніверсітэцкі тур: 

— У фінал увайшлі ідэі не толькі маладых вучоных, прадстаўнікоў працуючай моладзі, але і вельмі моцныя праекты школьнікаў, — расказаў першы сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Лук’янаў і адзначыў: — Праект «100 ідэй для Беларусі» стаў вельмі важным сацыяльным ліфтам. Напрыклад, пераможца мінулага года Лізавета Іванова стала дэлегатам Усебеларускага народнага сходу. Вось на такіх прыкладах хлопцы і дзяўчаты растуць, да такіх вышыняў імкнуцца. Найважнейшым дасягненнем з’яўляецца таксама той факт, што за апошнія 4 гады кожны чацвёрты праект у той ці іншай ступені ўкараняецца ў рэальны сектар эканомікі.

Фінальныя мерапрыемствы ўключаюць выставу-прэзентацыю 155 маладзёжных праектаў, абарону ідэй перад рэспубліканскім экспертным Саветам, а таксама інтэрактыўныя і адукацыйныя пляцоўкі. У прыярытэце ў журы — актуальнасць, навізна, практычная значнасць і рэалізуемасць праектаў, а таксама іх адпаведнасць запытам эканомікі.

Па выніках дня пераможцы — аўтары 30 найлепшых праектаў у 10 намінацыях — атрымаюць дыпломы, фірменныя статуэткі і каштоўныя падарункі на ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання. Дарэчы, трыўмфатары змогуць прэтэндаваць на ўключэнне ў спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. А грант ад Беларускага інавацыйнага фонду ў памеры да 57 базавых велічыняў стане падмогай для стварэння бізнес-плана і ўдзелу ў штогадовым рэспубліканскім конкурсе інавацыйных праектаў.

Аміна Назарава

Фота Лізаветы Голад 

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю