У рамках штогадовага выставачнага праекта «Гісторыя і сучаснасць кніжнай графікі».
У 2025 годзе маштабны выставачны праект «Гісторыя і сучаснасць кніжнай графікі» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі раскрывае тэму каляднай ілюстрацыі, запрашаючы ў казачнае падарожжа па старонках розных друкаваных выданняў.
Выстаўка «Калядныя гісторыі» — чароўны мост паміж эпохамі, класічнымі сюжэтамі і сучаснымі традыцыямі святкавання Калядаў і Новага года — прадставіць гісторыю і эвалюцыю кніжнай ілюстрацыі, якая адлюстроўвае дух Раства.
«Калядныя гісторыі» складзены з 12-ці сімвалічных глаў, сярод якіх галоўнымі сталі чатыры, што прысвечаны найвялікшым калядным гісторыям сусветнай літаратуры: «Каляднай песні» Чарлза Дзікенса, твору Эрнста Тэадора Амадэя Гофмана «Шчаўкунок і Мышыны кароль», «Снежнай каралеве» Ханса Крысціяна Андэрсена, «Сярэбраным канькам» Мэры Мэйпс Додж. Сярод «гісторый» асаблівае месца займаюць беларускія і рускія народныя казкі, якія пераносяць наведвальнікаў у чарадзейны свет класічнага фальклору.
Акрамя здабыткаў з бібліятэчных фондаў, выстаўка прадставіць артэфакты, якія дэманструюць узаемадзеянне ілюстрацыі з іншымі відамі мастацтва: арыгінальную графіку ад Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў, тэатральныя эскізы і макеты ад Вялікага тэатра Беларусі, аўтарскія лялькі, тэматычную сімволіку і інсталяцыі модных вобразаў ад Беларускага саюза дызайнераў, навагоднія фарфоравыя статуэткі беларускага калекцыянера Віктара Суворава, святочнае аддзенне, рэквізіт і кінастужкі ад Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм».
Яна Валасач
Фота Ксеніі Ліннік