Top.Mail.Ru

У НББ пачала працаваць выстава да 130-годдзя з дня нараджэння Кандрата Крапівы

1689
23.02.2026 | 12:16

Кніжна-дакументальная выстава «Кандрат Крапіва. Шлях да неўміручасці», прымеркаванная да 130-годдзя з дня нараджэння класіка, пачала працаваць у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

— Гэта выстава — дыялог з вялікім пісьменнікам, спроба пераасэнсаваць яго шлях да неўміручасці. Яна падрыхтавана сумесна з Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь. Дакументальныя крыніцы і выданні з фонду Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, прадстаўленыя на выставе, раскрываюць розныя аспекты дзейнасці Кандрата Крапівы, паказваюць шырокі жанравы дыяпазон твораў, — адзначыла загадчык секцыі арганізацыі кніжных выстаў Святлана Кажамяка.

Выстава падзяляецца на некалькі тэматычных раздзелаў. Першым наведвальнікаў экспазіцыі сустракае блок пад назвай «У пошуках сваёй дарогі».

— Мы імкнуліся распавесці пра біяграфію пісьменніка праз дэманстрацыю каштоўных фотаздымкаў, копій архіўных дакументаў, часопісаў «Узвышша», «Вожык». Тут прадстаўлены газетныя публікацыі першых вершаваных сатырычных фельетонаў, размешчаных у газетах «Красноармейская правда» і «Савецкая Беларусь» у 1922 г., а таксама артыкул «Паэт-камандзір», у якім расказалі пра маладога здольнага паэта-чырвонаармейца Кандрата Атраховіча, назваўшы яго адным з мацнейшых паэтаў, — растлумачыла Святлана Кажамяка.

Далей рухаемся да раздзела «Творы вялікай жыццёвай праўды», дзе дэманструюцца прыжыццёвыя выданні народнага пісьменніка Беларусі. Па словах загадчыка секцыі арганізацыі кніжных выстаў, сярод каштоўных экспанатаў — першыя зборнікі сатыры Кандрата Крапівы «Асцё» (1925) і «Крапіва» (1925) са змешчаным алегарычным вершам «Крапіва» (1922), які даследчыкі называюць яго паэтычнай дэкларацыяй. 

— Ён раскрываў змест псеўданіма аўтара і абгрунтоўваў сатырычную стратэгію мастацкай творчасці. Таксама прадстаўлены раман «Мядзведзічы» (1932), у якім найбольш поўна раскрыўся яго талент празаіка і які сёння мае значную гістарычную і этнаграфічную каштоўнасць, — адзначыла яна.

Варты ўвагі і раздзел «Плённасць перакладчыцкай працы», які прадстаўляе Кандрата Крапіву як перакладчыка твораў Аляксандра Астроўскага, Яраслава Гашэка, Мікалая Гогаля, Івана Крылова, Вільяма Шэкспіра і іншых на беларускую мову.

— Да таго ж Кандрат Кандратавіч быў выдатным вучоным-мовазнаўцам, стваральнікам шматлікіх слоўнікаў: беларуска-рускага, руска-беларускага, тлумачальнага. Яго навуковай працы ў Акадэміі навук БССР прысвечаны на выстаўцы раздзел «Гартаванне беларускага слова». А тэматычны раздзел «Яшчэ раз пра Кандрата Крапіву: даследаванні» прысвечаны працам шматлікіх даследчыкаў, — падзялілася Святлана Кажамяка.

Пра ўзнагароды і ўвекавечанне памяці народнага пісьменніка сведчаць копіі дакументаў з Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь. Гэта ордэн У. І. Леніна (1940), Дзяржаўная прэмія СССР (1941), ордэн Чырвонага Сцяга (1943), медаль «Партызану Айчыннай вайны» (1944), Загад Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР аб прысваенні пачэснага звання «Народны пісьменнік БССР» (1956).

Наведаць выставу можна да 10 мая.

Лізавета ГОЛАД, фота аўтара.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю