Top.Mail.Ru

У парк прыйшоў Карлсан з сябрамі

810
12.10.2025 | 12:16

На ўзбярэжжы Сляпянскай воднай сістэмы Мінска ёсць маляўнічыя лакацыі, нібы спецыяльна створаныя, каб там жылі добрыя героі дзіцячых казак. Гэта датычыцца і Антонаўскага парка сталіцы, які раскінуўся ўсцяж люстэрка названай воднай артэрыі. У зацені старых дрэў і на алеях побач з маладымі пасадкамі сёння шмат прыгожа вырабленых арэляў, лавачак, дзіцячых пляцовак. 

Такі прывабны выгляд Антонаўскі парк пачаў набываць год таму. Шмат зроблена тут працаўнікамі «Зелянбуда» Ленінскага раёна сталіцы — яны пашырылі сцежкі, паклалі новыя бардзюры, абсталявалі спартыўную зону. Найбольшую ўвагу прыцягваюць шматлікія скульптурныя элементы афармлення і найбольш прыкметная сярод астатніх металічная фігура чараўніка Карлсана. Гэты казачны персанаж дакладна «ўжыўся» ў сённяшні дзень: мы можам падрабязна разглядзець яго модны гадзіннік, крутануць вядомы ўсім металічны прапелер за плячыма. Нават электрычны ліхтарык, які трымае Карлсан, таксама высокатэхналагічны — сілкуецца ад сонечнай батарэі.

Разам з Карлсанам у Антонаўскім парку прапісаліся па-майстэрску выкананыя фігуры Залатой рыбкі, чароўнага матылька і (не без таго каб нагадаць, што побач водная артэрыя) фігура вадалаза. З дрэва майстры зрабілі кармушкі для птушак, казачны замак. З’явілася тут і новая карысная інфармацыя для наведвальнікаў парку: на стэндзе прыведзены парады, як частаваць мясцовых птушак.

Яўген ПЯСЕЦКІ

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю