Top.Mail.Ru

Урачыстая цырымонія ўшанавання працаўніц вёскі адбылася ў Вялікім тэатры Беларусі

543
15.11.2025 | 09:30

Штогод у лістападзе Вялікі тэатр прымае яркае і знакавае для краіны мерапрыемства. Напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці сюды з’язджаюцца прадстаўніцы сферы АПК з усёй Беларусі. Ушанаванне працаўніц вёскі праходзіць ужо чацвёрты раз — па ініцыятыве і пад эгідай Беларускага саюза жанчын сумесна з Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь і Беларускім прафесійным саюзам работнікаў аграпрамысловага комплексу. 

Сёлета ў сталіцу прыбылі больш за 600 работніц сферы АПК: прадстаўлены ўсе вобласці краіны. Кожная вобласць выбірала сваіх кандыдатак, а адзінай умовай было тое, што гэтыя жанчыны павінны працаваць у рэальным сектары аграпрамысловага комплексу. З года ў год крытэрыі адбору дэлегатаў застаюцца нязменнымі, падкрэсліла старшыня Беларускага саюза жанчын Вольга Шпілеўская. Гэта людзі «ад зямлі», практыкі, і пры гэтым высокія прафесіяналы сваёй справы — аграномы, паляводы, заатэхнікі, супрацоўніцы малочна-таварных комплексаў і г. д. 

Нязменная і галоўная лакацыя свята — Вялікі тэатр з яго чароўнай атмасферай сапраўднага балю. 

— Для жанчын такія мерапрыемствы важныя. Жанчыны на зямлі, як бы мы ні спрабавалі аўтаматызаваць умовы працы, усё роўна працуюць з самай раніцы да позняга вечара. І мэта гэтага форуму —паказаць нашых прыгожых жанчын, прыгожых беларусак. А ім паказаць сталіцу, Вялікі тэатр. Зрабіць усё магчымае, каб яны сёння ўсміхаліся і адчувалі сябе самымі прыгожымі на свеце, — сказала кіраўнік БСЖ.

Каштоўнасць мерапрыемства арганізатары бачаць у аб’яднанні сельскіх жанчын у стваральнай дзейнасці на карысць краіны. 

— У сельскагаспадарчай галіне і перапрацоўчай прамысловасці працуе каля 40% жанчын, — падкрэсліў Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў. — І каля 30% з іх — на кіруючых пасадах: кіраўнікі і спецыялісты. 

Гэта сведчыць пра многае: тут неабходны высокі інтэлект, востры розум, уменне хутка рэагаваць, пры гэтым прымаючы ўзважаныя рашэнні, канкрэтызаваў кіраўнік АПК краіны. 

— Мужчыны таксама не застаюцца за межамі тых дасягненняў, якія мы фарміруем разам, — дадаў Юрый Горлаў. — І па выніках 2025 года па многіх пазіцыях у аграпрамысловым комплексе мы маем поспех, — рэзюміраваў міністр. 

Праграма форуму насычаная — экскурсіі (па Мінску і ў Музей Вялікай Айчыннай вайны), прагляд балета «Бахчысарайскі фантан», зносіны з аднадумцамі. І, вядома, сустрэчы з даўнімі сяброўкамі і абмен вопытам з калегамі. У фінале афіцыйнай часткі свята на сцэну Вялікага тэатра для прывітальных слоў удзельніцам форуму падняліся жанчыны, што прадставілі ўсе шэсць абласцей краіны. Не проста прадстаўніцы сваіх рэгіёнаў, а сапраўдныя гераіні, кожная з якіх, як падкрэсліла Вольга Шпілеўская — голас свайго краю і гонар Беларусі. 

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю