Практычнае засваенне навыкаў, якія ў будучыні спатрэбяцца ў жыцці як хлопчыкам, так і дзяўчынкам, — на гэта арыентаваны ўрокі працоўнага навучання ў СШ № 130 г. Мінска імя Рут Уолер.
Працуюць са школьнікамі неабыякавыя і таленавітыя настаўнікі. Абслуговую працу дзяўчынкам выкладае Іна Касцелей, выдатны чалавек і педагог — настаўнік у сёмым пакаленні! Дынастыя працягваецца — пасля заканчэння педуніверсітэта настаўнікам у школе працуе яе сын Арцём.
Акрамя выкладчыцкай працы Іна Фёдараўна займаецца метадычнымі распрацоўкамі па чарчэнні, тэхнічнай і абслуговай працах. Таму школа нярэдка выступае базай для метадычных семінараў, дзе педагогі абмяркоўваюць сучасныя формы работы і нарматыўныя дакументы для правядзення заняткаў.
Акрамя таго, разам са сваімі калегамі з іншых устаноў адукацыі Іна Касцелей рыхтуе дзяцей да трэцяга (абласнога) і рэспубліканскага этапаў Алімпіяды па вучэбных прадметах. Яна і сама прымала ўдзел у конкурсах прафесійнага майстэрства.
— Алімпіяды, конкурсы, усё гэта добра, — дзеліцца настаўнік, — але для мяне галоўнае, каб дзяўчынкі ў дарослае жыццё забралі тыя навыкі і ўменні, якія атрымалі на ўроках працы. Уменне гатаваць, шыць, ведаць іншыя гаспадарчыя хітрасці. Усё гэта спатрэбіцца ў жыцці, якую б прафесію яны ні выбралі.
Алена ВІНАГРАДАВА
Фота Лізаветы ГОЛАД