Top.Mail.Ru

В’етнам і Беларусь на гістарычнм шляху супрацоўніцтва

757
09.09.2025 | 10:50

Вечар, прысвечаны 80-годдзю абвяшчэння незалежнасці В’етнама, адбыўся ў Мінскім Доме дружбы. На ім прысутнічалі прадстаўнікі таварыства «Беларусь — В’етнам» і Беларускага таварыства дружбы, рабочай групы Нацыянальнага сходу па супрацоўніцтве з парламентам В’етнама, супрацоўнікі пасольства В’етнама ў Беларусі, прадстаўнікі в’етнамскага земляцтва, студэнты і выкладчыкі сталічных навучальных устаноў. Сярод гасцей былі ветэраны, якія аказвалі дапамогу ў барацьбе за незалежнасць гэтай краіны.

Выступаючы перад удзельнікамі ўрачыстай сустрэчы, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі В’етнам у Рэспубліцы Беларусь Нгуен Ван Чунг адзначыў важнасць таго, што В’етнам і Беларусь закладываюць трывалую аснову для доўгатэрміновага супрацоўніцтва. Ён падкрэсліў: «80-годдзе незалежнасці В’етнама — гэта юбілей гістарычнага шляху, поўнага цяжкасцей, а таксама вялікай славы в’етнамскага народа, яго нязломнай волі, патрыятызму і імкнення да міру і працвітання».

«На гэтым шляху мы высока цэнім і памятаем падтрымку нашых сяброў, уключаючы Беларусь — нашага блізкага партнёра, — прадоўжыў кіраўнік дыпламатычнай місіі. — Адносіны паміж В’етнамам і Беларуссю няўхільна развіваюцца. У 2025 годзе нашы краіны сталі стратэгічнымі партнёрамі, сумесна закладваючы трывалую аснову для доўгатэрміновага супрацоўніцтва, заснаванага на даверы, узаемнай павазе і накіраванасці ў будучыню».

Пра гісторыю развіцця В’етнама і яго супрацоўніцтва з нашай краінай гаварылі многія з тых, хто выступаў ў Доме дружбы. На сяброўскай сустрэчы гучалі беларускія і в’етнамскія песні, выконваліся нацыянальныя танцы. Была разгорнута выстаўка ўнікальных сувеніраў в’етнамскіх майстроў, прадстаўлены жывапісныя творы маладых беларускіх мастакоў, якія адлюстроўвалі эпізоды гераічнай вайны за незалежнасць, маляўнічыя краявіды, жанравыя эпізоды з жыцця.

Яўген ПЯСЕЦКІ
Фота аўтара


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю