Top.Mail.Ru

Ва ўпартай барацьбе мінскае «Дынама» абгуляла «Ладу» з Тальяці ў стартавым матчы Кубка Мінска па хакеі

690
13.08.2025 | 10:58

Пасля яркага і найлепшага ў гісторыі мінулага сезона ў Кантынентальнай хакейнай лізе для дружыны Дзмітрыя Квартальнава шматлікія заўзятары з нецярпеннем чакалі сустрэчы са сваёй любімай камандай. І ў першым матчы на турніры «зубры» сустрэліся з тальяцінскай «Ладай», якая напярэдадні лёгка перайграла «Адмірал» з Уладзівастока (5:1). У склад мінчан на гэту гульню ўваходзілі і члены асноўнай каманды, таксама на лёд у форме «Дынама» выйшлі маладыя хакеісты клубнай сістэмы і гульцы на праглядальных кантрактах. Першапачаткова квіткі на матч прадаваліся толькі на ніжні ярус «Чыжоўка-Арэны», але з-за вялікага ажыятажу былі адкрыты і верхнія сектары.

Стартавую траціну дынамаўцы выйгралі з лікам 2:0, абедзве шайбы закінулі выхаванцы наваполацкага хакея: на 7-й хвіліне лік адкрыў Данііл Сацішвілі, а за некалькі секунд да  перапынку перавагу падвоіў Вадзім Мароз. У наступным гульнявым адрэзку тальяцінцы аднавілі парытэт, аўтарам другога гола «Лады» стаў былы гулец мінчан Вячаслаў Асновін.

Трэці перыяд матча прайшоў у роўнай і нервовай барацьбе, але не выявіў пераможцу, як і дадатковы пяціхвілінны авертайм.

У вырашальнай серыі булітаў больш дакладнымі былі мінчане — у выніку 3:2. Пераможную шайбу забіў абаронца дынамаўцаў Джош Брук.

Такім чынам, сталічны клуб пачаў турнір з важнай перамогі, а ўладальнікам Кубка Мінска стане клуб, які набраў больш ачкоў пасля трох матчаў кругавога турніру. Наступнымі сапернікамі мінчан 13 жніўня стане «Адмірал» з Уладзівастока і 15 жніўня -- уладальнік Кубка Гагарына мінулых гадоў магнітагорскі «Металург».

Віктар ДРАЧОЎ

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю