У Дзень дэсантнікаў і сіл спецыяльных аперацый Узброеных Сіл Беларусі ўсе дарогі ў Віцебску вядуць у 103-ю Віцебскую асобную гвардзейскую паветрана-дэсантную брыгаду, беручы пачатак ад помніка «Дэсантнікам усіх пакаленняў», што ў парку Пераможцаў.
На тэрыторыі брыгады як нідзе адчуваецца адзінства арміі і народа. Тысячы людзей: мужчыны, якія сёння служаць і ў розныя гады служылі ў дэсантных войсках, іх сем’і, проста цікаўныя віцябчане і госці горада збіраюцца на тэрыторыі праслаўленага вайсковага злучэння. Тут іх чакае насычаная і відовішчная праграма.
На вялізным пляцы — пастраенне асабовага саставу, вынас баявых і памятных сцягаў, вайсковай харугвы, віншаванні і ўзнагароджванне вайскоўцаў, якія сваім прыкладам даказваюць захаванне традыцый, закладзеных нашымі бацькамі і дзядамі.
Урачысты тон святкаванню задае плац-канцэрт ваеннага аркестра брыгады. Маршы ў яго выкананні дапаўняюць уражальнае выступленне воінаў-спартсменаў з элементамі рукапашнага бою і буксіроўку радавым Ягорам Кудраўцавым 11-тоннага МАЗа.
Гарачымі апладысментамі гледачы вітаюць умоўнае знішчэнне лагера незаконнага ўзброенага фарміравання. Агнявая засада на калону тэхнікі праціўніка, яе знішчэнне з прымяненнем выбуховых прылад, гранатамётаў, стралковай зброі, дронаў, даразведка і штурм непрыяцеля завяршыліся паспяхова.
Дэманстрацыя баявых магчымасцяў асноўнага ўзбраення змешанага артылерыйскага дывізіёна і зенітна-ракетна-артылерыйскай батарэі пацвярджае высокі ўзровень зладжанасці, дакладнасці дзеянняў воінаў-дэсантнікаў.
— Значна змянілася ў лепшы бок баявое аснашчэнне дэсантных войскаў з часу нашай службы ў ПДВ, цяпер яно па-сапраўднаму надзейнае, сучаснае, — адзначыла група мужчын, якія служылі 25-30 гадоў таму. — Галоўнае, каб не мяняліся людзі, бо дэсант — гэта эталон фізічнай і псіхалагічнай падрыхтаванасці. А эліта ў ім — разведвальныя роты.
Адна з іх, пад камандаваннем гвардыі лейтэнанта Ігара Байдакова, скарыла гледачоў майстэрствам у валоданні элементамі рукапашнага бою. Фізічная падрыхтоўка воінаў-дэсантнікаў дазваляе ім выдатна пераадольваць дэсантна-штурмавую паласу, дэсантавацца і рухацца па азімутах, праводзіць дыверсіі. За гэтым стаіць упартая паўсядзённая работа на мяжы чалавечых сіл.
На дапамогу дэсантнікам цягам апошніх гадоў прыйшлі беспілотныя лятальныя апараты, якім падуладныя разведвальныя дзеянні, трансляцыя відэа на пункт кіравання, баявое прымяненне на паражэнне цэляў, каардынацыя штурмавых груп, карэкціроўка агню, пошук параненых, дастаўка правізіі і боепрыпасаў, рэтрансляцыя сувязі. Аператары БПЛА прадэманстравалі ўменне філігранна кіраваць імі.
Неад’емная частка службы дэсантнікаў і сіл спецыяльных аперацый — скачкі з парашутам. Іх здзяйсняюць усе: ад салдат і афіцэраў да повараў і сувязістаў, артылерыстаў і ўрачоў. Крок у паветра на высокай вышыні кожны раз патрабуе смеласці, але ж лунанне пад купалам над зямлёю адначасова самая рамантычная частка работы дэсантнікаў. Няштатная спартыўная каманда - брыгада па парашутным спорце прымусіла гледачоў захоплена назіраць за іх палётамі і апладзіраваць пры кожным бездакорным прызямленні.
Сучасная беларуская армія моцная традыцыямі, духам, узбраеннем, ваеннаслужачымі і гатовая абараняць сваю Радзіму. Шлях да сапраўднага дэсантніка 103-й Віцебскай АГПДБ разам з дэсантнай эмблемы толькі пачынаецца. Неабходныя дэсантніку якасці: сіла, вынослівасць, рашучасць, мужнасць мэтанакіравана выхоўваюцца ў працэсе службы. І тады з гонарам яны вымаўляюць свой дэвіз «Ніхто, акрамя нас!».
Святлана ЯКАЎЛЕВА
Фота аўтара